З 27 па 29 кастрычніка ў в. Жупраны (Ашмянскі р-н, Гродзенская вобл.) адбыўся з’езд міністрантаў з салезіянскіх парафій Беларусі. На з’ездзе прысутнічалі 43 хлопцы са Смаргоні, Мінска, Бараўлянаў і Жупранаў. Адказнымі за з’езд салезіянамі былі кс. Артур Ляшнеўскі і кс. Аляксандр Мятліцкі.
З’езд распачаўся ў пятніцу інтэграцыйнай забавай, адарацыяй ў інтэнцыі міру ва ўсім свеце і начной гульнёй.
У суботу хлопцы мелю вялікую гульню — арэнціраванне па мясцовасці. Падчас гульні ўдзельнікі па мапах, падказках і фотаздымках шукалі адпаведныя кропкі ў ваколіцах Жупранаў. Кульмінацыяй стала знаходжанне скарба.
Пасля абеду міністранты ўдзельнічалі ў квэсце “Пошук скрадзенага абраза”. Удзельнічаючы ў квэсце, хлопцы адчулі сябе сапраўднымі дэтэктывамі і дзякуючы доказам і падказкам знайшлі страчаны абраз.
Падчас св. Імшы кс. Артур прыблізіў да сабраных міністрантаў асобу апостала Юды Тадэвуша і Сымона.
У нядзелю міністранты ўдзельнічалі ва ўрачыстай цэлебрацыі Эўхарыстыі разам з жупранскімі парафіянамі. Падчас гаміліі кс. Аляксандр зазначыў, якой важнай для нас з’яўляецца святыня і што мы аддана ёй павінны служыць.
Пасля св. Імшы і абеду ўдзельнікі падвялі вынікі сустрэчы і зрабілі памятны фотаздымак.
Кс. Артур Ляшнеўскі SDB, sdb.by
для друку