У Юрацішках прайшлі святыя місіі

saint_mission_1З 1 па 7 жніўня ў парафіі Перамянення Пана ў Юрацішках (Гродзенская дыяцэзія) адбыліся святыя місіі, якія правёў кс. Аляксей, пробашч парафіі Спаслання Святога Духа ў Барысаве. Місійныя набажэнствы адбываліся штодня на працягу тыдня а 10-ай і а 19-ай гадзіне, каб паўдзельнічаць маглі ўсе ахвочыя. Кожны дзень місій меў сваю тэматыку, дзякуючы чаму вернікі змаглі ўзнавіць веды, нанова адкрыць для сябе Божую любоў.

Панядзелак быў прысвечаны сакраманту хросту, аўторак — сакраманту канфірмацыі, серада – сакраманту намашчэння хворых. У чацвер вернікі ў малітве ўзгадалі памерлых. У пятніцу кс. Аляксей падрабязна распавёў аб сакраманце пакаяння і паяднання, каб прысутныя добра падрыхтаваліся да місійнай споведзі. Асаблівую атмасферу набыла суботняя вячэрняя Імша, калі пары ўсіх узростаў аднавілі сужэнскія абяцанні.

saint_mission_3

Раніцай у нядзелю вернікі сабраліся каля касцёла, каб разам з ксяндзом-дэканам Віктарам, ксяндзом-місіянерам Аляксеем, ксяндзом-пробашчам Віталіем удзельнічаць у асвячэнні місійнай табліцы на крыжы.

Падчас урачыстай св. Імшы кс. Аляксей узгадаў аб важнасці індывідуальнай малітвы, безлічы яе ласкаў і заклікаў карыстацца магчымасцю сакраманта пакаяння і як мага часцей прыступаць да святой Камуніі.

Імша скончылася адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту, урачыстай працэсіяй і ўшанаваннем місійнага крыжа.

Вернікі падзякавалі пробашчу Віталію за арганізаваныя місіі і ксяндзу Аляксею за іх правядзенне, за адпаведныя словы і шчырую малітву. “Вы ўзаралі глебу нашых сэрцаў і пасадзілі ў іх добрае насенне, і мы даем слова клапаціцца пра тое, каб яно прарасло і дало багаты плён”, – сказалі вернікі.

grodnensis.by

для друку для друку