У вёску прыязджае аўталаўка: ці правільна гэта па-беларуску?

Аўтакрама ў Барадзенічах, 2015 г.

Нагодай для падрыхтоўкі гэтага моўнага артыкула стала пытанне нашай чытачкі спадарыні Валянціны з Глыбоччыны. Яна, у прыватнасці, піша: ”Да нас у вёску два разы на тыдзень прыязджае аўталаўка. Як і ў іншыя вёскі… Даўно хацела спытаць, ці правільна мы ўсё ж называем гэты “магазін на колах” – аўталаўка? Надпіс на машыне зроблены па-руску, таму ўсе так і гавораць: прыйшла аўталаўка, схадзі ў аўталаўку, купі ў аўталаўцы. Ці яшчэ прасцей: прыйшла лаўка, схадзі ў лаўку, купі ў лаўцы…

Я даўно цікаўлюся нашай мовай, сама стараюся гаварыць правільна. Але ж як удаецца) Таму і гэтае пытанне не дае мне спакою: ці правільна мы гаворым пра аўталаўку? Ці па-беларуску гэта?”

Адразу скажам, што ўзнятае спадарыняй Валянцінай пытанне цалкам лагічнае. І праблема ў правільнасці выкарыстання слова аўталаўка сапраўды ёсць. Паспрабуем разабрацца.

Асноўнае значэнне назоўніка лаўка ў беларускай мове – гэта “прыстасаванне для сядзення на некалькі чалавек у выглядзе нешырокай дошкі на слупках або ножках у парку, на дварэ і г.д.” (Хлопцы і дзяўчаты сядзелі на лаўцы каля хаты, гаманілі, жартавалі, гучна смяяліся). Таксама слова можа ўжывацца са значэннем “прыстасаванне ў вагоне для сядзення або ляжання пасажыраў” (Мужчына зайшоў у купэ і адразу заняў ніжнюю лаўку). Выкарыстанне назоўніка лаўка са значэннем магазін у беларускай мове тлумачыцца ўплывам рускай мовы, дзе гэтае слова – лавка – адпавядае ўсім патрабаванням. З пункту гледжання культуры беларускага маўлення лексема лаўка – русізм. Яго ўжыванне парушае чысціню нашай мовы.

Найлепшым адпаведнікам варта лічыць складаны назоўнік аўтакрама. Слова крама зафіксаванае яшчэ ў “Слоўніку беларускай мовы” Івана Насовіча (1870 г.). Таксама ў згаданым слоўніку фіксуем формы крамка – невялікая крама, крамнік – той, хто прадае, крамніца – тая, якая прадае, крамны – такі, які мае адносіны да крамы.

Назоўнік крама падаецца ў “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы” (1978 г.) са значэннем магазін і ілюстрацыяй: Каля адной крамы стукаюць у патэльні, каля другой звоняць косамі – пакупнікоў заклікаюць. У гэтым жа слоўніку зафіксаваныя назоўнікі крамнік – “уладальнік крамы або прадавец у краме” – і крамніца – “уладальніца крамы ці прадаўшчыца ў краме”. Дарэчы, назоўнік крама выкарыстоўваўся і ў старажытнай беларускай мове і існаваў у двух варыянтах: крама і крамъ (“Этымалагічны слоўнік беларускай мовы”. – Т.5 – Мінск, 1989. – С. 110).

Таксама варта звярнуць увагу на дастаткова шырокае выкарыстанне, асабліва на працягу ХХ стагоддзя, прыметніка крамны са значэннем “куплены ў краме, фабрычнага вырабу”. Тут неабходна адзначыць досыць важны для нас этнакультурны элемент, які адлюстроўвае пэўныя асаблівасці побыту нашага вясковага насельніцтва ў мінулым стагоддзі, перадусім у першай яго палове: крамны супрацьпастаўляецца даматканым вырабам, гэта значыць, зробленаму ўласнымі рукамі, самімі гаспадынямі. Гэта тое, што не купленае ў краме. Прыгадаем тут радкі Петруся Броўкі: Маці косы заплятала / Новым крамным касніком. Або яшчэ прыклады: Дзяўчаты апраналіся ў сваё, даматканае. Не было і гаворкі, каб апрануць нешта крамнае; Настаўніца была гарадская, хадзіла ва ўсім крамным.

Разам з тым паўстае лагічнае пытанне: а ці можна сказаць аўтамагазін? Паколькі назоўнік магазін – гэта нарматыўнае слова ў сучаснай беларускай мове, то і складаная лексема – аўтамагазін – можа ўжывацца, несумненна. Дададзім толькі, што калі мы імкнёмся падтрымліваць высокі ўзровень культуры беларускага слова, то варта аддаваць перавагу назоўніку крама. І адпаведна канструкцыя У вёску прыязджае аўтакрама больш пажаданая, чым У вёску прыязджае аўтамагазін. Але ні ў якім разе не варта ўжываць форму аўталаўка. Таму і сказы кшталту прыйшла аўталаўка, схадзі ў аўталаўку, купі ў лаўцы выглядаюць штучнымі і нават двухсэнсоўнымі. І, адказваючы на пытанне нашай чытачкі, канстатуем, такім чынам, што ў вёску прыязджае аўтакрама.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку