22 верасня 2024 года ў парафіі Святога Антонія з Падуі ў Віцебску нарадзілася новая супольнасць — Францішканскі Ордэн Свецкіх, у якім пачалі сваю духоўную фармацыю на этапе пастулата пяць сясцёр.
Францішканскі Ордэн Свецкіх (ФОС), або трэці ордэн, які быў заснаваны святым Францішкам Асізскім 800 год назад, у 1221 годзе ў Італіі. Згодна з “Правіламі жыцця” 1221 года да Ордэна Свецкіх належаць “браты і сёстры, якія чыняць пакаянне, і, якія жывуць ва ўласных дамах”. Што значыць фраза “якія чыняць пакаянне”? Пакаянне перад усім азначае перамену чалавека на лепшае. Калі я не задавальняюся тым, які я цяпер, а несупынна перамяняю свой спосаб мыслення пад уплывам Божага слова і таксама перамяняю сваё жыццё. Гэтая перамена знешне праяўляецца ў пладах — усё больш дасканалых чынах служэння Богу і людзям.
Паводле роду заняткаў і ўзроўню адукацыі свецкі фрацішканін можа быць прадстаўніком рознага роду заняткаў. Да Ордэна Свецкіх могуць належаць католікі рознага ўзросту ад 18 год, сямейныя (шлюбаваныя) або самотныя. Ордэн прадугледжаны для тых, хто адчувае пакліканне да таго, каб ісці за Хрыстом шляхам святога Францішка Асізскага, але па прычыне абавязкаў і стану не можа ўступіць у манаскую супольнасць.
Для прыняцця ў пастулат новых сясцёр ў парафію святога Антонія ў Віцебску прыбыла сястра Казіміра Арол, якая з 2018 года з’яўляецца адказнаю за супольнасць ФОС, а з 2018 года здзяйсняе сваё служэнне на тэрыторыі Мінска-Магілёўскай і Віцебскай дыяцэзіі як адказная за фармацыю, дакументацыю, прыняцце ў пастулат, навіцыят і шлюбаванні (І, ІІ, ІІІ і вечныя), правядзенне капітул і пакліканні. Сястра Казіміра згадвае: “Захапілася харызмай святога Францішка выпадкова, прачытаўшы артыкул у часопісе “Дыялог”, потым пачала шукаць і знаёміцца з францішканскай літаратурай асабліва мяне ўразілі адносіны святога да Езуса ў Эўхарыстыі”.
Першыя ўказанні для спосабу жыцця тэрцыяраў (так часта называюць братоў і сясцёр Ордэна Свецкіх) святы Францішак змясціў у пропаведзях, якія прамаўляў. Змешчаныя потым разам у вядомым нам “Лісце да ўсіх вернікаў”. Правілы жыцця свецкіх францішканаў больш дакладна прадстаўленыя ў “Memoriale Propositi” з 1221 года. У 1289 годзе папа Мікалай IV устанавіў Рэгулу для тэрцыяраў. Сённяшняя Рэгула Ордэна Свецкіх была зацверджана 22 чэрвеня 1978 года папам Паўлам VI. На пачатку ён змяшчае ўжо ўспомнены Ліст да вернікаў. А ў частцы “Правілы жыцця” мы чытаем: “Рэгула і жыццё свецкіх Францішканаў наступныя: захоўваць Евангелле нашага Пана Езуса Хрыста, ідучы ўслед за святым Францішкам з Асізі, для якога Хрыстус быў натхненнем і цэнтрам жыцця ў адносінах да Бога і людзей”.
Настаяцельніца ФОС у горадзе Маладзечна сястра Ірына Руткоўская, якая прыбыла разам з сястрой Казімірай ў Віцебск, распавяла пра дзейнасць сваёй супольнасці: “У нашай супольнасці 20 чалавек. Кожны служыць тым дарам, якім надзяліў яго Пан Бог. У кожнага брата і сястры ёсць свае здольнасці. Хтосьці спявае і грае падчас Імшы, хтосьці служыць пры парафіяльным Caritas. Ёсць сёстры, якія вядуць супольную хроніку, робяць фотаздымкі са значных падзей жыцця парафіі і супольнасці. Таксама адна з сясцёр служыць пры парафіі ў падрыхтоўцы пар да сакрамэнту сужэнства, праводзіць сямейную кансультацыю і размовы з жанчынамі, якія хочуць пазбавіцца зачатага жыцця — Абарона жыцця. Дапамагаем таксама пры касцёле і на яго тэрыторыі”.
У свеце сярод свецкіх францішканаў ёсць больш за 60 святых і благаслаўлёных. Супольнасці Трэцяга Ордэну Свецкіх налічваюць сёння каля 431 000 братоў і сёстраў (дадзеныя за 1999 год).
Сястра Марта Бутанава з Віцебска, якая распачала свой пастулат у Францішканскім Ордэне Свецкіх разам з чатырма сёстрамі сёння перапоўнена неверагоднай радасцю: “Даўно цікавілася святым Францішкам, яго асобай і яго духоўнасцю. Прачытала шматлікія кнігі пра святога, глядзела фільмы. Калі нам наш пробашч сказаў, што у нашай парафіі Святога Антонія з Падуі ў Віцебску будзе Францішканскі Ордэн Свецкіх, то маёй радасці не было межы, — нарэшце споўніцца мая даўняя мара”…
Аб місіі свецкіх францішканаў у сучасным свеце нагадваў Папа Ян Павел ІІ, гаворачы: “Любіце, вучыцеся, жывіце вашым Статутам, бо заключаныя ў ім каштоўнасці — выключна евангельскія. Жывіце гэтымі каштоўнасцямі ў братэрскай супольнасці і ў свеце, у які — на моцы вашага свецкага паклікання — вы ўключаныя і ўкаранёныя. Жывіце гэтымі евангельскімі каштоўнасцямі ў вашых сем’ях, перадаючы веру з малітваю, уласным прыкладам і праз выхаванне, а таксама па евангельскі перажывайце патрабаванне ўзаемнай любові, вернасці і пашаны да жыцця” (Insegnamenti, V/3, 1982, s. 613.).
Марта Бутанава
