У Віцебску адкрыецца выстава жывапісных твораў кс. Сяргея Сурыновіча

Ад 7 снежня 2022 года ў выставачнай зале Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва па адрасу г. Віцебск, праспект Фрунзэ, дом 11 будзе ладзіцца выстава жывапісных прац ксяндза Сяргея Сурыновіча. Адкрыццё выставы адбудзецца 7 снежня ў 16.00.

Экспанаваныя мастацкія працы (на выставе будзе прадстаўлены 31 твор, выкананы ў тэхніцы алей на палатне) натхнёныя разважаннямі над тэмамі і праблематыкай ўзнятымі ў энцыкліцы Папы Францішка «Laudato si’».

Вобразы, прадстаўленыя на палотнах, ахопліваюць невялікую частку жывёльнага свету, што апісаныя ў энцыкліцы Пантыфіка, засяроджваюць позірк гледача на прадстаўленых мастацкімі сродкамі выявах птушак, што сустракаюцца ў нашай краіне, многія з якіх унесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, многім з якіх пагражае цалкавітае знішчэнне.

Тэматыка выставы не назойліва і далікатна намякае гледачу, што акрамя выяў крылатых жывых істот, у творах месціцца духоўны падтэкст і заклік да больш уважлівага і адказнага стаўлення, да беражлівага і клапатлівага шанавання створанага Богам свету.

Назва выставы “Птушыны вянок” цесна пераклікаецца з часам Адвэнту, у сукупнасці з экспазіцыяй мастацкіх прац, становіцца заданнем і клічам да абавязку захавання і зберажэння жыццяў “братоў нашых меншых”, а асабліва у час чакання нараджэння і прыйсця ў свет Жыцця, нашага Збаўцы Езуса Хрыста.

У Віцебску выставу можна будзе наведаць да 26 лютага 2023 г. Выставачная зала знаходзіцца ў самым цэнтры горада ля летняга амфітэатра. Сардэчна запрашаем!

Кс. Сяргей Сурыновіч

для друку для друку