У Віцебску адбылася традыцыйная перадкалядная вечарына «Ціхая ноч, святая ноч!»

16 снежня ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася традыцыйная перадкалядная вечарына «Ціхая ноч, святая ноч!». У яе падрыхтоўцы і правядзенні ўзялі ўдзел вернікі парафіяльных супольнасцяў горада, кансэкраваныя і свецкія асобы.

Усё — ад густоўна аформленай работнікамі бібліятэкі выставы кніг духоўнае тэматыкі да выканання спеўна-музычных нумароў і дэкламавання празаічных і вершаваных тэкстаў — было дэталёва прадумана і стварала ў прысутных святочны перадкалядны настрой.

Безумоўна, надавала дзеі значнасці прысутнасць у зале біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча, які не толькі сардэчна прывітаў гледачоў, але і прачытаў верш і праспяваў пад уласны акампанемент калядную песню.

Як заўсёды, уразіў майстэрствам мастацкага чытання твора (гэтым разам — апавядання Хрысціны Лялько «Радасць») вернік парафіі Езуса Міласэрнага Мікалай Клімаў. Невыпадкова яму падчас вечарыны за актыўны ўдзел у духоўным жыцці і культурніцкіх мерапрыемствах была ўручаная грамата-падзяка ардынарыя дыяцэзіі.

Звычайна падчас такіх імпрэзаў рэпертуар чытальнікаў складаюць творы, друкаваныя ў часопісе «Наша вера», і сёлетняя імпрэза не стала выключэннем, сведчанне чаго быў верш «Прыйсці да алтара» Мар’яна Дуксы ў дэкламаванні загадчыцы аддзела краязнаўства бібліятэкі Ларысы Рагачовай, якая да таго ж выступіла (разам з сястрой Серафінай) у ролі вядоўцы вечарыны.

Вельмі прыхільна сустрэла аўдыторыя спеўны калектыў катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага пад кіраўніцтвам сястры Ёнашы. Таленавітыя, дасціпныя жанчыны не проста выканалі некалькі калядных песень, але і ўнеслі ў плынь мерапрыемства ноты шчырае зацікаўленасці дзействам, душэўнага суладдзя паміж гледачамі і выканаўцамі.

Прыемным сюрпрызам сталася выступленне на вечарыне групы актораў Беларускага тэатра «Лялька», якая паказала свой міні-спектакль «Маленькі пастух і вялікі разбойнік» паводле твора Ленэ Скуманц. Пастаноўку ажыццявіў вядучы майстар сцэны тэатра Алег Рыхтэр, а ролі, апроч самога пастаноўшчыка, выконвалі знакаміты Юрась Франкоў і яго маладзейшыя калегі Марыя Кавалёва і Кацярына Абрамовіч.

Поўны веры ў духоўнае ўзрастанне чалавека, у магчымасць кожнага з нас аднойчы прыйсці да асэнсавання ўласных памылак і стаць лепшым — гэты лейтматыў спектакля літаральна паланіў прысутных. Як дарэчы, і ўся імпрэза — сведчанне паяднання ў Богу людзей розных узростаў, веравызнанняў, лёсаў.

Францішак Дубраўскі, ave-maria.by
Фота Таццяны Лузан і Людмілы Сіманёнак

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі