Што можа сучасны чалавек сказаць пра асобу, якая жыла 400 год таму назад? Што можа распавесці пра таго, хто трагічна закончыў жыццё на нашай віцебскай зямлі… Адказы на гэтыя пытанні прагучалі ў літаратурных творах і малюнках удзельнікаў конкурсу “неВЯДОМЫ ЗАСТУПНІК”, які прысвечаны 400-годдзю мучаніцкай смерці святога Язафата Кунцэвіча.
Святы Язафат Кунцэвіч з’яўляецца апекуном Віцебскай дыяцэзіі, літургічны ўспамін якога прыпадае на 12 лістапада. У гэты дзень у 400-ю гадавіну мучаніцкай смерці Віцебская катэдра вакол алтара сабрала шмат вернікаў, а сярод іх і ўдзельнікаў літаратурна-мастацкага конкурсу.
Урачыстую Эўхарыстыю ўзначаліў ардынарый дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Падчас гэтай святой Імшы за дыяцэзію маліліся таксама ксёндз канонік Віктар Місевіч, канцлер курыі, і ксёндз Генадзій Рэйшэль. Заклік Хрыста “каб усе былі адно” як для Язафата Кунцэвіча быў жывым і дзейсным словам, клопатам яго жыцця, так і для нас сёння застаецца актуальным. Рэліквіі святога Язафата выстаўлены ў катэдральнай святыні для ўшанавання і асабістай малітвы.
Пасля святой Імшы ўсе парафіяне і госці накіраваліся ў парафіяльную кавярню, дзе можна было паглядзець выставу прац прысвечаных Язафату Кунцэвічу. Аж 38 малюнкаў было даслана з розных куткоў нашай дыяцэзіі і з Мінска — сталіцы Беларусі. Працы вельмі цікавыя, выкананыя ў розных тэхніках. Найстарэйшы ўдзельнік у катэгорыі малюнак мае 64 гады, а наймалодшы — 7 гадоў.
Кампетэнтнае журы вылучыла пераможцаў. Адзіным удзельнікам і пераможцам у катэгорыі малюнак сярод дарослых стала Ала Дземідовіч з Дзеркаўшчыны.
Сярод малодшых (6 — 12 год):
- 1-е месца – Несцяронак Любоў (Докшыцы), Баран Сафія (Мёры) і Стрэльская Ангеліна (Мінск).
- 2-е месца раздзялілі – Фралова Паліна (Паставы, парафія Езуса Міласэрнага), Бярдоўская Насця (Віцебск, катэдра) і Марозава Кацярына (Віцебск, парафія Святога Уладзіслава).
- 3-е месца атрымалі Сафіна Ева і Лагун Арына (Віцебск, катэдра), Шылёнак Святлана (Канстанцінава).
Сярод узроставай катэгорыі 13-17 гадоў было прадстаўлена 7 прац, а першае месца заняла Аліка Будкевіч (Віцебск, парафія Святога Уладзіслава), другое – Урбель Тадэвуш (Віцебск, катэдра) і трэцяе — Пяткевіч Ганна (Мёры).
Літаратурных твораў было менш, але журы мела больш клопату з вылучэннем найлепшых прац на прызавыя месцы. Сярод самых малодшых — Сцяпан Серабро (Віцебск, парафія святой Барбары) – напісаў твор “Сабака Святога Язафата”, а браты Артур і Аркадзь Рабкоўскія з Глыбокага падрыхтавалі біяграфію святога з ілюстрацыяй. Яны атрымалі дыпломы першай ступені. Журы выказалася так, што “творы настолькі прыгожыя і розныя, што нельга не дацаніць і не даць першыя месцы”. Крысціне Бараўко з катэдры з Віцебска і Скукоўскаму Мацвею з Мосара таксама журы прызнала першае месца ў іх узроставай катэгорыі.
Сярод дарослых, якія прадставілі свае творы першае месца прызнана без сумніву Сяргею Раюнцу з Мінска за яго цудоўны твор — песню “Пахвала Святому Язафату”. Другое месца заняла Яна Барысевіч з Глыбокага. Яе твор “неВЯДОМЫ ЗАСТУПНІК” журы ацаніла як “сапраўдны літаратурны твор, а не кампіляцыю энцыклапедычных звестак”. Трэцяе месца заняў твор «Гімн у гонар Святога Язафата Кунцэвіча», аўтарам якога з’яўляецца Татун Алена Іосіфаўна з Канстанцінава.
Сярод удзельнікаў конкурсу хочацца адзначыць нарыс Латышава Ціграна з Удзела. “Кім для мяне ёсць постаць святога Язафата Кунцэвіча?” — яго адказ на гэтае пытанне можна назваць хрысціянскім разважаннем. Галоўная каштоўнасць твора ў яго заглыбленасці ва ўласную свядомасць…
Атмасфера вялікага свята дыяцэзіі адчувалася ва ўсім: у колькасці гасцей, прыгожа падрыхтаванай выставе, у павазе падчас знаёмства з працамі, уручэнні дыпломаў і падарункаў біскупам Алегам, радасці перамогі, радасці бацькоў, гасцей з Мёраў і з Мінска. Удзельнікі мелі магчымасць паказаць сваю працу альбо прачытаць свой твор — верш, як гэта зрабіла спадарыня Ганарата. Словы ўдзячнасці і радасці святкавання выказала Наталля – мама Ангеліны Стрэльскай з Мінска і Тэрэса – мама Алікі Будкевіч з Віцебска, якія занялі першыя месцы. Смачны дадатак сённяшняй урачыстасці падрыхтавалі парафіяне, за што ім вялікі дзякуй.
Спонсарамі конкурсу былі Віцебская дыяцэзія ў асобе біскупа Алега Буткевіча і Карытас-Беларусь, у асобе дырэктара гэтай дабрачыннай установы ксяндза каноніка Андрэя Аніскевіча. Дзякуючы іх падтрымцы пераможцы і ўдзельнікі атрымалі каштоўныя падарункі.
“Свята атрымалася вельмі добрым, па-сямейнаму цёплым. Было столькі ўсмешак і пазітыўнага настрою ва ўсіх удзельніках. Вельмі прыемна, што наш Апякун сабраў нас, дапамог яшчэ раз усвядоміць, як важная еднасць і ўзаемаразуменне паміж людзьмі. Дзякуй усім, хто задумаў і падрыхтаваў такое мерапрыемства,” — сказала ўдзельніца конкурсу Алена Татун.
“Для мяне было зусім нечакана заняць прызавое месца ў конкурсе. І адначасова вельмі радасна. Калі вучылася ў школе, то ў падручніках па гісторыі, на жаль, было даволі суб’ектыўнае стаўленне да асобы святога Язафата Кунцэвіча. І я доўгі час пад гэтым уплывам думала негатыўна пра святога Язафата. Аднак даведаўшыся, што гэта толькі адзін пункт гледжання на дзейнасць святога, змяніла сваё меркаванне. Менавіта гэта я і адлюстравала ў сваім апавяданні. Таксама, як настаўніцу, мяне цікавяць каштоўнасці, зносіны, маўленне сучасных падлеткаў, таму яны і з’яўляюцца галоўнымі героямі твора,” — падзялілася сваімі думкамі Яна Барысевіч.
с. Марыя Шамовіч BDNP, тэкст і фота
кс. Віктар Місевіч, фота
