У Смаргоні прайшло адкрыццё дзявочага клуба «Нашы сакрэты»

17 студзеня ў араторыі імя св. Яна Боска, які дзейнічае пры парафіі святога Міхала Арханела, адбылося адкрыццё дзявочага клуба «Нашы сакрэты», паведамляе sdb.by.

Ідэя арганізаваць клуб для дзяўчат з’явілася з жадання паспрабаваць адрадзіць хрысціянскія духоўныя каштоўнасці і традыцыі сярод дзяўчынак — будучых добрых хрысціянак і сумленных жанчын нашага грамадства. Восем маладых жанчын, сярод якіх аніматары і маладыя мамы, разам з с. Веранікай Блізнюк FMA будуць імкнуцца выхоўваць дзяўчынак ў духоўнасці, прыгажосці, радасці і вытанчанасці. Бо мэтай гэтага клуба з’яўляецца хрысціянскае духоўнае выхаванне, накіраванае на эстэтычнае, маральнае, псіхалагічнае і фізічнае развіццё асобы і талентаў дзяўчынак. Удзельніцы клуба прыйшлі на сустрэчу са сваімі бацькамі.

Распачалася сустрэча прывітаннем і ўводным словам, якое сказала с. Вераніка. Шмат цікавага чакала ўдзельніц і гасцей: і сумесная малітва, і цікавыя гульні, і гутарка з бацькамі, і прэзентацыя, у якой асвятлялася дзейнасць клуба. Выхавацелькі пазнаёмілі сабраных з задачамі клуба, сярод якіх падкрэслілі фармаване пачуцця справядлівасці і міласэрнасці, вернасці, высакароднасці і чысціні (цноты), развіццё ідэі дабра, прыгажосці і агульначалавечай маралі, пазнаванне асноў этыкету і прывіццё добрых манераў, пачуцця стылю, такту, прывіццё навыкаў догляду за сваёй знешнасцю.

Прымаць ўдзел у клубе будуць дзяўчаты, якія навучаюцца ў 3-5 класах. На першай сустрэчы прысутнічала 30 ўдзельніц. Сустрэчы клуба будуць праводзіцца два разы на месяц у двух групах.

Сустрэчу завяршыў кс. Павел Шчарбіцкі SDB, пробашч парафіі, які падкрэсліў, як важна ў сучасным свеце быць добрай мамай і сапраўднай жанчынай. Напрыканцы кс. Павел правёў супольную малітву і благаславіў прысутных на добрую справу.

для друку для друку