У Смаргоні адбылася першая сустрэча ўдзельнікаў «Савіо-клуба»

Сёння ў дзяцей парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні ёсць магчымасць ісці да святасці па слядах св. Дамініка Савіо праз ўдзел у “Савіо-клубе”, які дзейнічае ў мясцовым салезіянскім араторыі ўжо сем год.

Гэты клуб у салезіанскім араторыі імя св. Яна Боска быў створаны з мэтай чалавечай і духоўнай фармацыі падлеткаў, каб дамапагаць ім распазнаць сваё пакліканне, а таксама падрыхтаваць будучых аніматараў. Праз сумесныя сустрэчы дзеці шукаюць уласны шлях да святасці. Дапамагаюць ім у гэтым сумесная малітва, духоўныя размовы, віктарыны, а таксама гульні, выезды на прыроду і яшчэ шмат цікавага. Дзеці з “Савіо-клуба” імкнуцца сябраваць, вызнаваць сваю веру і погляды не толькі ў араторыі, але і сярод сваіх сяброў у школе, а таксама ў сваёй сям’і. За час дзейнасці шмат хлопцаў і дзяўчат з “Савіо-клуба” сталі салезіанскімі аніматарамі альбо актыўнымі ўдзельнікамі араторыя.

Новы фармацыйны год для ўдзельнікаў клуба распачаўся 21 верасня. Увечары ўсе сабраліся адразу ў касцёле на святую Імшу, якую цэлебраваў кс. Здзіслаў Вэдэр SDB. Самі ўдзельнікі клуба ўпрыгожылі малітву спевам. Потым дзеці, іх бацькі і аніматары накіраваліся ў араторый на забаўляльную праграму.

Спачатку прысутных пазнаёмілі з дзейнасцю “Савіо-клуба” праз кароткі расказ і прэзентацыю. Таксама сястра Ірына Барцэвіч FMA прадставіла бацькам аніматараў. Важным момантам стала ўручэнне дыпломаў выпускнікам “Савіо-клуба”. Стаўшы выпускнікамі, маладыя людзі не пакідаюць сцены араторыя. Шмат хто з іх становіцца салезіянскімі аніматарамі, многія працягваюць прымаць актыўны ўдзел у жыцці араторыя і парафіі.

Першая сустрэча не выпадкова адбылася разам з бацькамі. Хацелася, каб яны адчулі той сямейны і радасны дух, які пануе на сустрэчах “Савіо-клуба”. Праз сумеснае знаёмства адзін з адным, а таксама праз вясёлыя гульні бацькі даведаліся пра дзейнасць клуба.

У гэтым годзе “Савіо-клуб” папоўніўся новымі ўдзельнікамі і налічвае каля 30 дзяцей ва ўзросце ад 10 да 13 год: малодшая і старэйшая групы.

Акрамя аніматараў і с. Ірыны Барцэвіч FMA адказваць за “Савіо-клуб” будзе с. Юлія Клявец FMA.

sdb.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі