У Шчучыне распачалі падрыхтоўку да Піярскага сінода маладых, які пройдзе ў Варшаве ў 2018 годзе

Як вядома, у кастрычніку наступнага года адбудзецца Сінод Біскупаў на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання». Ордэн піяраў як частка супольнасці Каталіцкага Касцёла таксама вырашыў далучыцца да перадсінадальнай падрыхтоўкі.

Так, кіраўніцтва Польскай правінцыі ордэна піяраў запланавала правесці Піярскі сінод маладых у маі 2018 г. у Варшаве. Але падрыхтоўка ў Беларусі распачалася значна раней: з 5 па 6 лістапада ў Шчучынскай парафіі св. Тэрэзы Авільскай сабраліся каля 60 маладых людзей са Шчучына і з Ліды, каб паразважаць над тэматыкай запланаванага сінода.

На пачатку спаткання а. Гжэгож SP прамовіў уводную канферэнцыю, падчас якой закрануў наступныя пытанні: «Што значыць па-сапраўднаму верыць?», «Што мы павінны рабіць, каб распазнаць сваё пакліканне?» Святар адзначыў, што па-сапраўднаму верыць той, хто да канца застаецца верным Богу. Каб адказаць на пытанне адносна распазнання паклікання, а. Гжэгож звярнуўся да гісторыі паклікання апосталаў. «Ніхто з апосталаў не ведаў, што іх чакае, калі яны пойдуць за Хрыстом. Але яны рызыкнулі і не памыліліся, таму рызыкніце, паверце, цвёрда трымайцеся свайго выбару і мужна ідзіце да канца. Лепш зрабіць памылку, чым стаяць на месцы», – заклікаў айцец.

Пасля канферэнцыі і св. Імшы моладзь была падзелена на чатыры групы. Кожнай з іх была прапанавана да разважання адна з чатырох тэм: «Вера», «Распазнанне», «Пакліканне», «Супольнасць». Так, напрыклад, моладзь, якая разважала над тэмай «Вера», спрабавала адказаць на наступныя пытанні: «Што мне дапамагае, а што перашкаджае верыць? Што магу зрабіць я і супольнасць Касцёла, каб людзі вярнуліся да вызнавання моцнай веры?»

Пасля працы ў групах адбылося супольнае абмеркаванне атрыманых вынікаў. Спадзяёмся, што адшуканыя адказы і выпрацаваныя прапановы з боку моладзі Беларусі будуць пачуты.

Аляксандр Снапко, тэкст
А. Віталь Слука SP, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі