У Шаркаўшчыне вернікі адзначылі парафіяльнае свята

szarkauszczyna114 верасня католікі ўсяго свету адзначылі вялікае свята — Узвышэнне Святога Крыжа. Менавіта крыж з’яўляецца адным з галоўных сімвалаў хрысціянства. Ён спадарожнічае чалавеку на працягу ўсяго жыцця: вернікі носяць яго на сабе, робяць знак крыжа, узгадваючы пры гэтым імёны трох божых асоб, ставяць крыж на магіле памерлага. Паводле святога Яна Дамаскіна, крыжом Хрыста, і нічым іншым, пераможана смерць і падорана людзям уваскрасенне.

— Для жыхароў гарадскога пасёлка Шаркўшчына гэта свята адметнае ўдвайне: на працягу многіх год вернікі наведваюць касцёл, які мае назву Узвышэння Святога Крыжа, — паведаміла настаўніца рэлігіі Галіна Іванаўна Трызна. — Кожны год вернікі нашай парафіі, а таксама госці, якія ў гэты дзень прыязджаюць да нас, услаўляюць Бога, звяртаючыся да яго са сваімі клопатамі і праблемамі, дзякуюць за яго дабрыню. Усе мы нясём свой крыж, і ён неразрыўна звязаны з Крыжом Хрыста.

А гісторыя з’яўлення гэтага свята наступная: сваё жыццё Алена, маці імператара Канстанціна (325 г. н. э.), прысвяціла пошукам крыжа, на якім быў распяты Езус. З вялікімі цяжкасцямі ёй удалося адшукаць месца ўкрыжавання, на якім былі знойдзены 3 крыжы. Каб знайсці сярод іх крыж Збавіцеля, да ўсіх трох па чарзе прыкладвалі смяротна хворага чалавека. Першыя два не далі ніякіх вынікаў. А калі хворага прыклалі да трэцяга крыжа, чалавеку адразу стала лепш і ён паправіўся. Пазней на месцы знаходжання крыжа быў пабудаваны касцёл.

А 14 верасня 629 года, дзякуючы святому Крыжу, адбыўся сапраўдны цуд. З яго дапамогай уваскрэс адзін памерлы, чацвёра паралізаваных сталі зноў здаровымі і вялікай колькасці людзей быў вернуты зрок. У памяць аб гэтых цудах і ўстаноўлена ўрачыстасць Узвышэння Святога Крыжа.

szarkauszczyna

Як паведамляе «Кліч Радзімы», у шаркаўшчынскім касцёле 14 верасня адбылася святая Імша, напачатку якой ксёндз Крыштаф Сілкоўскі павіншаваў усіх парафіян і гасцей са святам і прывітаў святароў, што прысутнічалі на ўрачыстасці. Гэта Тадэвуш Волас, ксёндз з горада Мозыра, які ўзначаліў святую Імшу і з Божым словам звярнуўся да вернікаў. Гасцямі свята таксама былі ксёндз Чэслаў Куцмеж, ксёндз Юрый Вільк і добра вядомыя жыхарам нашага раёна святары Міхаіл Татарэнка з Лужкоў і Ян Пучагоў з Германавіч.

Напрыканцы святой Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, а ўрачыстая працэсія вакол касцёла завяршылася гімнам праслаўлення “Цябе, Бога, праслаўляем” і благаславеннем.

szarkauszczyna2

для друку для друку