У семінарыю ў Гродне залічаны новыя студэнты

У Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшоў уступны экзамен, па выніках якога стала вядома, хто прыняты на першы курс навучання.

Юнакі, якія жадаюць прысвяціць жыццё служэнню Богу і людзям у Хрыстовым святарстве, сабраліся ў будынку семінарыі 8 жніўня. У гэты дзень адбываліся падача дакументаў і кваліфікацыйныя гутаркі са святарамі. 9 жніўня адбыўся ўступны экзамен, які складаўся з дзвюх частак – тэсту і сачынення-эсэ.

У першай частцы абітурыенты павінны былі паказаць свае веды ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла і жыцці паўсюднага і мясцовага Касцёла, у другой – паразважаць на духоўныя тэмы адносна паклікання, ролі Бібліі ў жыцці хрысціяніна і таго, як дасягнуць святасці і ісці за Хрыстом ў сучасным свеце.

Экзамен прымала камісія ў наступным складзе: біскуп Уладзімір Гуляй, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі – старшыня экзаменацыйнай камісіі; ксёндз канонік Віталь Вайцяхоўскі, рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі; ксёндз Ян Раманоўскі, прэфект Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі; ксёндз Павел Скуба, куратар прапедэўтычнага перыяду ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі.

Пасля нарады экзаменацыйная камісія паведаміла, што новымі студэнтамі семінарыі сталі: Раман Буднік (Гродзенская дыяцэзія, парафія святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі); Дамінік Буйніцкі (Гродзенская дыяцэзія, парафія св. Яна Хрысціцеля ў Гальшанах); Яраслаў Булко (Гродзенская дыяцэзія, парафія святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі); Ягор Касенка (Гродзенская дыяцэзія, парафія Святой Сям’і ў Лідзе); Ягор Лапушэк (Гродзенская дыяцэзія, парафія Адшукання Святога Крыжа ў Гродне); Яраслаў Паўловіч (Гродзенская дыяцэзія, парафія Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе); Максімільян Пік (Гродзенская дыяцэзія, парафія св. Францішка Ксаверыя ў Гродне); Андрэй Стасюкевіч (Гродзенская дыяцэзія, парафія св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску); Мікіта Страчынскі (Гродзенская дыяцэзія, парафія Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе); Аляксей Янчык (Пінская дыяцэзія, парафія Маці Божай Фацімскай у Баранавічах).

Такім чынам, у новым навучальным годзе падрыхтоўку да святарства ў семінарыі распачнуць дзесяць першакурснікаў. Навучальны год у семінарыі пачнецца 2 верасня.

Адказныя за фармацыю будучых святароў у нашай краіне просяць усіх людзей добрай волі аб малітве ў інтэнцыі новых семінарыстаў, а таксама аб новых і святых пакліканнях да святарства.

Grodnenses.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі