У Полацку адзначылі Сусветны дзень моладзі

У межах 37-га Сусветнага дня моладзі пры парафіі Св. Андрэя Баболі ў Полацку, 19 лістапада, адбыўся Дзень моладзі на дыяцэзіяльным узроўні, які па волі Папы Францішка з мінулага года адбываецца ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету.

У сустрэчы ўдзельнічала моладзь з розных мясцін Віцебскай дыяцэзіі, а менавіта, з Віцебска, Глыбокага, Дзеркаўшчыны, Паставаў, Варапаева, Лучая, Дунілавіч, Докшыц, Лынтупаў, Оршы.

Сустрэча распачалася Вяночкам да Божай Міласэрнасці. Пасля супольнай малітвы адбылася канферэнцыя, падчас якой кс. Яўген Шымановіч асаблівым чынам разважаў над словамі: «Марыя ўстала і пайшла паспешна» (пар. Лк 1, 39), якія сталі дэвізам сустрэчы моладзі.

Пасля ўдзельнікі ў групах пад кіраўніцтвам аніматараў маглі падзяліцца ўражаннямі і ўласнымі думкамі.

У 2030 годзе будзе адзначацца 200-годдзе аб’яўлення Найсвяцейшай Панны Марыі святой Кацярыне Лябурэ. У рамках падрыхтоўкі да гэтага юбілею с. Ірына Грыгаровіч Fdlc з Шуміліна расказала моладзі пра Цудоўны медалік. Пасля чаго біскуп Алег Буткевіч благаславіў медалікі і ўсе прысутныя мелі магчымасць узяць яго не толькі для сябе, але, напрыклад, і для свайго сябра.

Адным з пунктаў праграмы сустрэчы была адарацыі Найсвяцейшага Сакраманта і малітва праслаўлення. Удзельнікі маглі скарыстацца магчымасцю малітвы ва ўласнай інтэнцыі і атрымаць індывідуальнае благаслаўленне. На заканчэнне біскуп Алег падзякаваў моладзі за прысутнасць і супольную малітву, а таксама благаславіў на добрую дарогу дадому.

Завяршыўся Дзень моладзі дыскатэкай.

Марына Ткач, тэкст

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі