30 снежня 2021 года ў касцёле Св. Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Паставах адбылася значная падзея – «нарадзіўся» святар. Сакрамэнт пасвячэння другой ступені Валерыю Пупкевічу ўдзяліў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч падчас урачыстай святой Імшы.
Напярэдадні, 29 снежня падчас парафіяльнай Імшы а 18 гадзіне, дыякан урачыста вызнаў сваю веру і прагненне служэння Богу і людзям.
Новапрэзбітэр Валерый Пупкевіч нарадзіўся 31 жніўня 1995 года ў Паставах. Паходзіць з мясцовай парафіі Св. Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Пасля заканчэння сярэдняй школы і адчуўшы голас паклікання, уступіў у Супольнасць Святароў Найсвяцейшага Сэрца Езуса (Сэрцане), маючы падрыхтоўчы год у супольнасцях Ляхавіч і Мазыра. Пасля семінарыйнай фармацыі атрымаў ступень магістра тэалогіі і прыняў дыяканскае пасвячэнне ў Стадніках (Польшча). Затым нёс служэнне ў сэрцанскай парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец).
На пасвячэнні прысутнічалі святары з Віцебскай і Гродзенскай дыяцэзій, настаўнікі і выхаваўцы новапрэзбітара, сябры і родныя. Шматлікія святары-сабраты і вернікі з-за мяжы і не толькі, маглі духоўна далучыцца да малітвы з дапамогаю прамой трансляцыі праз інтэрнэт.
«Трываем у радасці Божага Нараджэння. І тут, у парафіяльнай супольнасці ў Паставах гэта радасць павялічваецца сёння яшчэ адным нараджэннем – «нараджэннем» святара. Дзякуем Богу за чарговы дар паклікання, які сёння ёсць вельмі каштоўным, бо заўсёды застаюцца актуальнымі словы Езуса: “Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала, таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё”. Сёння яшчэ адно маладое сэрца адказала “так!” на Божы заклік», — прамовіў біскуп Алег на самым пачатку ўрачыстай Літургіі.
Дыякан Валерый пацвердзіў сваю прысутнасць, пасля чаго настаяцель супольнасці сэрцанаў у Беларусі кс. Ян Этэль звярнуўся да Пастыра дыяцэзіі з просьбай аб пасвячэнні новага святара.
Сваё казанне біскуп Алег распачаў з развагі над прыналежнасцю да Хрыстовага святарства. Бог дае розныя пакліканні чалавеку. У Езусе Хрысце кожны атрымлівае сваё асаблівае заданне ў Ягоным Касцёле. І такое ж значэнне мае святарская паслуга. Біскупы і святары працягваюць далей Місію святарства, якое складаецца з трох накірункаў:
- навучанне – “Ідзіце і абвяшчайце па ўсім свеце”;
- асвячэнне – “Бярыце і ешце, гэта Цела маё. Бярыце і піце, гэта Кроў мая” – сакраманты, знакі Божай ласкі, якія дапамагацюь на шляху;
- кіраванне – адказнасць за супольнасць Хрыстовага Касцёла.
Далей іерарх падзяліўся разважаннем пра шчасце на дарозе служэння Касцёлу, ці то жывучы ў сямейным жыцці, ці будучы святаром.
Пасля гаміліі ардынарый дыяцэзіі звярнуўся да кандыдата ў пасвячэнне з пытаннем, ці гатовы ён прыняць сакрамант святарства. Калі дк. Валерый даў станоўчы адказ, распачаўся абрад пасвячэння. Кандыдат лёг крыжам перад алтаром, а вернікі разам са святарамі маліліся Літаніяй да Усіх Святых.
Наступнай часткай стаў абрад ускладання рук, спачатку біскуп Алег, потым усе прысутныя святары. Праходзіў ён у поўнай цішыні, што надавала гэтаму асаблівую ўрачыстасць. Затым адбылася кансэкрацыйная малітва, пасля чаго ўжо кс. Валерый апрануў святарскае адзенне. Далей адбылося намашчэнне рук новапрэзбітара і прывітанне знакам супакою.
Напрыканцы Імшы новавысвечаны святар падзякаваў Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса за гэты дар, які сёння атрымаў. Словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас біскупа Алега Буткевіча, семінарыйных выкладчыкаў і ўсіх, хто дапамагаў яму на шляху да святарства.
Прыміцыйная святая Імша новапрэзбітэра Валерыя Пупкевіча, дзесятага сэрцаніна з Беларусі адбудзецца 1 студзеня 2022 года, ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі, у Пастаўскай святыні. Пачатак у 10.00.
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа