Падзея адбылася ў суботу 11 чэрвеня.
Успамін святога Антонія адзначаецца 13 чэрвеня, але фэст было вырашана перанесці на суботу для таго, каб на яго змаглі прыехаць госці з іншых парафій. Наогул, адметнасць гэтай параф’янаўскай урачыстасці ў тым, што яна заўсёды шматлюдная. Акрамя саміх парафіянаў, сюды прыязджаюць вернікі з іншых парафій, а таксама выхадцы з гэтых мясцін, якія зараз жывуць далёка ад сваёй малой радзімы.
Крыху гісторыі
Сучасны будынак храма быў пабудаваны ў 1900 – 1904 гадах. Гліну для цэглы, што выкарыстоўвалася пры будаўніцтве касцёла, здабывалі ў Парэччы. На кожнай цагліне, вырабленай з той гліны, стаяць ініцыялы Баляслава Корна, тагачаснага пробашча парафіі, які ініцыяваў збор сродкаў на пабудову храма. У 1907 годзе храм быў урачыста асвечаны.
Непадалёк ад Параф’янава ў фальварку Ямнае нарадзіўся Мечыслаў Багаткевіч, які стаў святаром і правёў у параф’янаўскім касцёле сваю першую Імшу. У 1942 годзе ён разам з іншымі святарамі быў арыштаваны нямецкімі ўладамі і змешчаны ў Беразвецкую турму. 4 сакавіка святароў расстралялі. У 1999 годзе Папа Ян Павел ІІ прылічыў іх да ліку блаславёных.
У 1963 годзе касцёл быў зачынены савецкімі ўладамі і ператвораны ў склад віннага завода. У 1988 годзе храм быў вернуты католікам. За 25 гадоў будынак касцёла быў значна пашкоджаны і прыйшоў у заняпад. Спатрэбілася 11 гадоў, каб правесці тут рамонт і надаць касцёлу годны выгляд. Гэта сталася дзякуючы працы людзей і тагачаснага пробашча айца Тадэвуша Кавальскага. Зараз пробашчам парафіі з’яўляецца ксёндз Раман Мурзіч.
Фэст распачаўся пад гукі дуды
Сёлетняя ўрачыстасць як заўсёды сабрала шмат вернікаў. На фэст прыехалі ксёндз Алег Мурзіч з Канстанцінава Мядзельскага раёна, ксёндз Мікалай Ціхановіч з Глыбокага, ксёндз Мікалай Ліпскі з Лучая Пастаўскага раёна, айцец Юрый Катовіч з Докшыц, ксёндз Віктар Місевіч, галоўны рэдактар “Каталіцкага Весніка”.
Адметнасцю сёлетняга фэсту стала тое, што на ім прысутнічалі дудары Віталь Воранаў і Юрась Панкевіч. Калі святары перад пачаткам Імшы заходзілі ў храм, іх суправаджалі гукі дуды.
Святую Імшу ўзначаліў ксёндз Алег Мурзіч. Божае слова прамовіў да вернікаў ксёндз Мікалай Ціхановіч.
Святы заступнік з Падуі
У сваім слове да вернікаў ксёндз Мікалай спачатку коратка нагадаў гісторыю жыцця святога Антонія. Будучы святы нарадзіўся ў 1195 годзе ў Лісабоне ў Партугаліі. Калі яму было 15 гадоў, ён уступіў у ордэн аўгустынцаў-эрэмітаў, дзе прыняў святарскае пасвячэнне. Пад уражаннем мучаніцкай смерці пяці францішканцаў, якіх забілі мусульмане, ён вырашае ўступіць у гэты ордэн. Там ён прыняў імя Антоній. Потым выехаў на місію ў Марока, але з-за слабага здароўя мусіў вярнуцца.
Па дарозе дадому здарылася караблекрушэнне, і ён вымушаны быў застацца ў Італіі. Там у яго адкрыліся вялікія прамоўніцкія здольнасці, і яго накіравалі ў Паўночную Італію, дзе ён хутка набыў папулярнасць. Быў выпадак, калі паслухаць яго адначасова сабраліся 30 тысяч чалавек!
Памёр Антоній 13 чэрвеня 1231 года і менш як праз год быў кананізаваны. Яго рэліквіі знаходзяцца ў базіліцы ў Падуі, дзе да сённяшняга часу здараюцца цуды. Святы Антоній лічыцца апекуном закаханых, сужэнцаў, падарожных, дапамагае знаходзіць згубленыя рэчы.
Унікаць брыдкаслоўя
Ксёндз Мікалай распавёў пра той час, калі ён знаходзіўся ў базіліцы святога Антонія ў Падуі. Найбольш яго ўразіла тое, што Бог пакінуў нятленным язык святога. Таму сваё казанне ксёндз Мікалай прысвяціў гэтай частцы чалавечага цела. Бо хоць гэты орган параўнальна невялікі, але вельмі важны. З дапамогай яго можна славіць Бога, а можна знішчыць чалавека.
У наш час вельмі шмат людзі брыдкасловяць, часта нават не заўважаючы гэтага за сабой. Даходзіць да таго, што чалавек нават сказа не можа вымавіць, не ўжыўшы некалькі брыдкіх словаў.
“Гнілыя словы, інакш іх нельга назваць, становяцца, на жаль, нормай у мове нашага народу. Брыдкаслоўе ўжываецца ў сем’ях як паміж дарослымі, так і, што найгорш, у размове бацькоў з маленькімі дзецьмі,” – адзначыў святар.
Ён адзначыў, што нават язычнікі ўдзялялі вялікую ўвагу значэнню слова. Яны забаранялі брыдкасловіць не толькі ва ўласным доме, а нават і ў хляве, каб не сурочыць жывёлу. Строга забаранялася лаяцца на дзяцей і цяжарных жанчын. На жаль, у наш цывілізаваны час гэта стала нормай жыцця. Але вернікі павінны змагацца з гэтай прывычкай.
Ксёндз Мікалай падкрэсліў: “Як з адной крыніцы не можа выцякаць чыстая і брудная вада, так і з вуснаў чалавека, якія прамаўляюць добрыя словы, не павінны выходзіць пракляцці.”
Напрыканцы свайго слова ён адзначыў, што Бог міласэрны і ў стане дараваць чалавеку яго грахі, у тым ліку і брыдкаслоўе. Ад чалавека патрабуецца толькі цвёрдая пастанова выправіцца і надалей унікаць ужывання гэтых словаў.
Прэм’ера “Малітвы да святога Антонія”
У фэсце ўдзельнічаў глыбоцкі хор “Ave Maria”. Ён упершыню выканаў песню-малітву, прысвечаную святому Антонію, словы да якога напісала Марыя Ючкавіч, якая з’яўляецца парафіянкай гэтага касцёла. Музыку да гэтага твора напісала Ганна Шакола з Глыбокага.
Трэба адзначыць, што песні на словы Марыі Ючкавіч і музыку Ганны Шакола ўжо стала з’яўляюцца на старонках “Каталіцкага Весніка”, а вось пазнаёміліся творцы толькі зараз, на фэсце ў Параф’янаве.
“Мне вельмі прыемна, што я сёння ўпершыню сустрэлася з паэткай Марыяй Ючкавіч. Адбылася прэм’ера нашай “Малітвы да святога Антонія”, думаю, што святы пачуў нашу песню,” – сказала Ганна Шакола.
Жывое кола вакол касцёла
Перад заканчэннем Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, вернікі разам са святарамі памаліліся Літаніяй да святога Антонія. Пасля адбылася працэсія вакол касцёла, у якой прынялі ўдзел усе вернікі. Людзей было так шмат, што калі апошнія толькі выходзілі з касцёла, то пачатак працэсіі ўжо падыходзіў да яго з іншага боку. Атрымоўвалася, што касцёл адначасова быў апаясаны жывым колам з людзей.
Закончылася працэсія спевам гімна “Цябе, Бога, праслаўляем”.
Канцэрт у храме
Пасля заканчэння святой Імшы сам фэст не закончыўся. Удзельнікаў свята чакаў святочны канцэрт і пачастунак. Усё гэта павінна было адбыцца на свежым паветры перад парафіяльным домам. Але надвор’е ўнесла свае праўкі. Пасля заканчэння Імшы пайшоў дождж, і таму канцэртная праграма таксама прайшла ў храме.
Таму гурт “Рэха”, які прыехаў на фэст, выступаў перад вернікамі ў святыні. Як адзначыў саліст гурта Андрусь Такінданг: “Вядома, дождж крыху нам перашкодзіў, бо ў касцёле мы можам граць не ўвесь свой рэпертуар, ды і моладзь не можа патанчыць, але мы ўсё роўна ўдзячны пану Богу за магчымасць выступіць.”
Таксама перад вернікамі выступілі дудары Юрась Панкевіч і Віталь Воранаў. Спадар Віталь распавёў пра гісторыю гэтага музычнага інструмента, які быў раней вельмі распаўсюджаным у нашай мясцовасці. Зараз традыцыя перарвалася, але апошнія гады назіраецца адраджэнне дуды.
“Мая мара – зрабіць у Глыбокім фэст дудароў. А пакуль мы выступім у ліпені на Вішнёвым фэсце ў Глыбокім, куды ўсіх вас запрашаем,” – звярнуўся Віталь Воранаў да ўдзельнікаў фэсту.
Дарэчы, з-за дажджу пачастунак таксама адбыўся ў касцёле. Як адзначыў ксёндз Раман Мурзіч: “Вядома, касцёл – гэта месца малітвы, але касцёл – гэта таксама жывыя людзі. Таму па майму запрашэнню прыехалі музыкі, якія таксама нам прыносяць радасць сваімі талентамі”.
На ўрачыстасці прысутнічала шмат моладзі. Шмат хто з маладых людзей хутка пакіне гэтыя мясціны, каб паехаць вучыцца або працаваць. Але ёсць упэўненасць, што штогод яны будуць вяртацца ў Параф’янава, каб прыняць удзел у фэсце ў гонар святога Антонія.
Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа