У Падсвіллі Глыбоцкага дэканату прывіталі новага пробашча

Падзея адбылася ў нядзелю 3 сакавіка.

Новым пробашчам парафіі стаў ксёндз Віталь Бяленік, які згодна з дэкрэтам біскупа Віцебскага Алега Буткевіча ад 3 сакавіка вызвалены з пасады вікарыя ў Глыбоцкай парафіі і прызначаны пробашчам парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста ў Падсвіллі і адміністратарам парафіі Святога Іллі ва Ураджайным. Да гэтага ён амаль паўгода адслужыў вікарыем у парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім, дзе займаўся працай з моладдзю.

У гэты дзень святыня была цалкам запоўненая вернікамі. Новага пробашча ўвёў у храм дэкан Глыбоцкі кс. Мікалай Ціхановіч. Перад алтаром іх сустрэлі кс. Эдвард Нарадоўскі разам з міністрантамі і прадстаўнікамі парафіі. Кс. Эдвард некалькі месяцаў апекаваўся парафіяй у Падсвіллі, пакуль тут не было пастаяннага святара.

Кс. Віталь пацалаваў крыж, пасля чаго вернікі ўручылі яму хлеб-соль і кветкі. Пасля гэтага ён цэлебраваў Святую Імшу.

На яе пачатку кс. Мікалай Ціхановіч зачытаў дэкрэт біскупа Алега Буткевіча аб прызначэнні ксяндза Віталя Бяленіка пробашчам падсвільскай парафіі. Пасля чаго святар заклікаў парафіянаў да пашаны і паслухмянасці да свайго новага пробашча:

– Шануйце яго, любіце яго, паважайце, маліцеся за яго, падтрымлівайце яго матэрыяльна, бо абавязак утрымання святара ляжыць на парафіі. Адносьцеся да яго як да свайго айца, нягледзячы на яго малады ўзрост.

Потым  дэкан нагадаў новаму пробашчу яго абавязкі, галоўны з якіх – маліцца за сваіх парафіянаў.

У сваю чаргу кс. Віталь падзякаваў ксяндзу-дэкану і біскупу Алегу за гэты давер, які яму аказаны гэтым прызначэннем:

– Дзякую біскупу Алегу, што ён давярае мне гэтую паству, гэтую місію, каб я ішоў наперадзе, каб вас вёў да Хрыста, да Божай праўды.

Святар папрасіў вернікаў да малітвы ў яго інтэнцыі, бо гэта яго першая парафія, дзе ён будзе працаваць як пробашч.

Пасля гэтага пробашч асвяціў ваду і акрапіў ёй вернікаў.

У сваёй гаміліі ён звярнуў увагу на тое, як дзейнічае Божая любоў. Але для таго, каб яна прыносіла свой плён мы, і святары, і вернікі, павінны кожны дзень працаваць над сабой, над сваім сэрцам:

–  Для гэтага трэба, каб з нашых вуснаў, з нашых сэрцаў зыходзіла мова любові, мова праўды, мова супакою.

– Сёння Бог стаіць паміж намі, – адзначыў далей святар, – вамі як вернікамі і мной як новым пробашчам. Бог стаіць як збаўца, як настаўнік, а таксама як лекар. Ён хоча нас навучаць, збаўляць і лячыць нашы душы не проста сваім словам, але самім сабой, сваёй прысутнасцю.

Ксёндз Віталь нагадаў, што кожная парафія з’яўляецца сям’ёй вернікаў і заклікаў сваіх парафіян гэтай сям’ёй з’яўляцца. Ён перасцярог ад жыцця па прымаўцы: “Я нічога не знаю, мая хата с краю”, бо ўсе мы разам адказваем за Касцёл, за жыццё ў парафіі. І хай нам дапаможа ў гэтым Бог.

На заканчэнне Імшы ўсе разам праспявалі гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”.

Пасля гэтага вернікі яшчэ раз прывіталі новага пробашча. Кс. Мікалай Ціхановіч выказаў падзяку кс. Эдварду Нарадоўскаму, які апекаваўся парафіяй увесь гэты час, пакуль яна не мела свайго пробашча.

Ад імя вернікаў новага святара прывітаў старшыня парафіяльнай рады Антон Чарны. Потым да вернікаў звярнуўся кс. Эдвард. Ён прыгадаў той момант, калі ён толькі паступіў у семінарыю і адзін са святароў яму сказаў, што святарства вельмі прыгожая дарога, але і вельмі цяжкая. І гэта сапраўды так. Ён заклікаў вернікаў маліцца за сваіх святароў, не асуджаць іх, бо святары таксама людзі са сваімі праблемамі і слабасцямі. І ім як нікому вельмі патрэбна малітоўная падтрымка. Ён папрасіў прабачэння ў вернікаў, калі нечым іх пакрыўдзіў падчас свайго служэння тут, у Падсвіллі.

Напрыканцы кс. Віталь удзяліў усім Божае бласлаўленне. А мы ў сваю чаргу жадаем яму плёну і Божай дапамогі ў яго служэнні ў Падсвіллі.

Больш фота можна паглядзець тут

Зміцер Лупач, Леанід Юрык
Матэрыял пра гісторыю парафіі ў Падсвіллі будзе надрукаваны ў бліжэйшым нумары «Каталіцкага Весніка»

для друку для друку