У Осла з’явілася святыня малітвы за пераследаваных хрысціян

Ілюстрацыйнае фота

20 чэрвеня ў касцёле Святога Яна ў раёне Бредтвет у Осла адкрылася святыня Марыі, Маці пераследаваных хрысціян. Яе мэта — маліцца за хрысціян, якія пакутуюць ад рэлігійнага пераследу па ўсім свеце і павышаць дасведчанасць аб іх становішчы.

Святыня была створана па ініцыятыве каталіцкага біскупа Осла Фрэдэрыка Хансена. Ідэя ўзнікла ў межах міжнароднай ініцыятывы, якую ўзначальвае айцец Бенедыкт Кілі, заснавальнік Nasarean.org, арганізацыі, якая падтрымлівае пераследаваных хрысціян. Падобныя месцы малітвы ўжо існуюць у Нью-Ёрку, Лондане, Стакгольме, Астане і Аль-Хамданіі (Кара-Куш) у Іраку.

Цэнтральным элементам святыні з’яўляецца абраз Марыі, Маці пераследаваных хрысціян. На ёй ёсць надпіс на арамейскай мове — мове, на якой размаўляў Езус.

Як падкрэсліў біскуп Хансен, яго ўдзел у ініцыятыве быў натхнёны яго папярэдняй дыпламатычнай службай у Святым Прастоле ў міжнародных арганізацыях, падчас якой ён сутыкнуўся з шматлікімі сведчаннямі пераследу хрысціян, асабліва ў перыяд так званай «Ісламскай дзяржавы» (ІДІЛ).

Іерарх падкрэсліў, што асабліва важная не толькі матэрыяльная падтрымка пераследаваных супольнасцей, але і малітва за пакутуючых хрысціян. «Прадстаўленне нашых пакутуючых братоў і сясцёр перад Богам і просьба аб Яго дапамозе — гэта выраз нашай веры і канкрэтны акт дапамогі ім», — сказаў ён.

Месцам для святыні быў абраны найбуйнейшы каталіцкі касцёл у Осла. Значная частка яго вернікаў паходзіць з краін, дзе хрысціяне перажывалі або працягваюць пераследавацца, у тым ліку з Польшчы, Літвы, В’етнама, Нігерыі, М’янмы і Індыі.

Паводле ацэнак арганізатараў ініцыятывы, прыблізна 338 мільёнаў хрысціян ва ўсім свеце перажываюць розныя віды пераследу з-за сваёй веры.

Біскуп Хансен выказаў надзею, што новая святыня стане цэнтрам малітвы, адукацыі і салідарнай дзейнасці для хрысціян, якія пераследуюцца за сваю веру.

misyjne.pl
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку