У новым навучальным годзе ў сталіцы Польшчы аднаўляецца цэлебрацыя Імшаў на беларускай мове

26 верасня ў Варшаве адбудзецца першая святая Імша на беларускай мове ў 2021–2022 навучальным і катэхетычным годзе, якая будзе працягам леташніх сустрэч беларускай каталіцкай супольнасці ў сталіцы Польшчы.

Беларусы Варшавы раз на месяц сустракаюцца на супольнай Эўхарыстыі, якую цэлебруе беларускі святар Яўген Вінтоў, каб на роднай мове маліцца за Бацькаўшчыну. Акрамя Літургіі, кожную суботу ў анлайн-фармаце вернікі моляцца Ружанец.

На працягу года ў супольнасці адбываюцца фармацыйныя і нефармальныя сустрэчы. Так, у мінулым годзе вернікі збіраліся на гарбату пасля Эўхарыстыі, удзельнічалі ў набажэнствах Крыжовага шляху, выязджалі ў суседнюю парафію на дзень засяроджання і збіраліся на супольны пікнік.

Святыя Імшы адбываюцца ў кожную чацвёртую нядзелю месяца а 18-й гадзіне.

За гадзіну да пачатку Эўхарыстыі ўсіх ахвотных запрашаюць на рэпетыцыю спеваў. Перад Імшой можна прыступіць да споведзі на беларускай мове.

Catholic.by

для друку для друку