Урад Нікарагуа ўвёў новае абмежаванне для Каталіцкага Касцёла, забараніўшы святарскія і дыяканскія пасвячэнні ў чатырох дыяцэзіях, біскупы якіх былі вымушаныя пакінуць краіну. Гэтая мера тычыцца дыяцэзій Хінатэгі, Сіуны, Матагальпы і Эстэлі і азначае чарговую эскалацыю працяглага супрацьстаяння паміж рэжымам і Касцёлам.
Як паведамляе выданне El Debate і каталіцкія інфармацыйныя агенцтвы, гэтае рашэнне фактычна пазбаўляе семінарыстаў, якія ўжо скончылі вучобу, магчымасці атрымаць сакрамант святарства. Падобна на тое, што абмежаванне накіравана на аслабленне дыяцэзій, біскупы якіх фізічна адсутнічаюць у краіне. Урад Нікарагуа на чале з дыктатарам Даніэлем Артэгай і яго жонкай, віцэ-прэзідэнтам Расарыё Мурыльё, пастаянна ўзмацняе ціск на Касцёл з пачатку агульнанацыянальных пратэстаў у 2018 годзе.
Даследчыкі, якія дакументуюць сітуацыю, паведамляюць пра больш чым тысячу інцыдэнтаў, накіраваных супраць каталіцкіх устаноў, і дзясяткі тысяч забароненых рэлігійных мерапрыемстваў. Адносіны Даніэля Артэгі з Каталіцкім Касцёлам прайшлі шлях ад няпростага супрацоўніцтва да адкрытага канфлікту.
У 2000-х гадах Артэга наладзіў сувязі з касцельнымі лідарамі і публічна выкарыстоўваў рэлігійную рыторыку. Адносіны пагоршыліся пасля пратэстаў 2018 года, калі многія святары і біскупы далі прытулак пратэстоўцаў і заклікалі да дыялогу.
Нягледзячы на рэпрэсіі, з’яўляюцца новыя пакліканні да святарства. Крыніцы, блізкія да Касцёла, паведамляюць, што групы семінарыстаў завяршылі навучанне і проста чакаюць магчымасці атрымаць пасвячэнне.
Напрыклад, у дыяцэзіі Сіун некалькі кандыдатаў, якія завяршылі падрыхтоўку ў 2024 і 2025 гадах, застаюцца ў падвешаным стане, не маючы магчымасці атрымліваць пасвячэнні з-за цяперашніх абмежаванняў. Іх сітуацыя ілюструе больш шырокую стратэгію рэжыму: аслабіць Касцёл не толькі шляхам зняцця яе лідараў, але і шляхам перапынення фармацыі наступнага пакалення святароў.
credo.pro
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!