У Навагрудку адбыліся рэкалекцыі Альфа-курса для ўдзельнікаў з Навагрудка і Мінска

22-24 лістапада пры касцёле св. Арханёла Міхала ў Навагрудку адбыліся рэкалекцыі “Выходныя з Духам Святым”, у якіх прынялі ўдзел каля 90 чалавек. Рэкалекцыі праводзіў кс. Юрый Жэгарын, пробашч мясцовай парафіі. У першы дзень духоўных практыкаванняў удзельнікі сустрэліся на вечары знаёмстваў і супольнай усяночнай адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту.

Суботні дзень быў вельмі насычаны: удзельнікі праслухалі канферэнцыі прысвечаныя боскай асобе Духа Святога, прынялі ўдзел у Эўхарыстычнай Ахвяры, супольна маліліся на ружанцы і падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. Апошні дзень рэкалекцый скончыўся сведчаннямі з перажытых рэкалекцый і супольнай св. Імшой.

Альфа-курс — гэта серыя катэхез, прысвечаных вывучэнню асноваў хрысціянскай веры — керыгме. На кожнай сустрэчы разглядаюцца розныя пытанні, звязаныя з верай, і ўсё прызначана для таго, каб людзі маглі ажывіць сваю веру. Альфа-курс з’яўляецца адным з дзейсных метадаў прапаведвання Уваскрослага Хрыста, які пачаў развівацца ў Каталіцкім Касцёле ў нашай краіне і з’яўляецца адказам лакальнага Касцёла на заклік ІІ Ватыканскага Сабора і Папы Францішка да актыўнага ўключэння ў працэс Новай Евангелізацыі. На дадзены момант праводзіцца ў некалькіх месцах ў Гродне, Навагрудку, Мінску, Віцебску, Крупках, Глыбокім і Оршы.

Дамінік Запаснік, тэкст
Марына Рамук, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі