У Навагрудку адбыліся пакаяльныя рэкалекцыі-малітва ў інтэнцыі народа Беларусі

Гэтыя адмысловыя духоўныя практыкаванні ў духу пакаяння сёлета з 5 па 7 верасня праводзіліся ўжо ў чацвёрты раз.

Рэкалекцыі распачаліся святой Імшой у інтэнцыі ўміласціўлення Бога за грахі і знявагі. Аб гэтым маліўся біскуп Алег Буткевіч, ардынарый Віцебскай дыяцэзіі.

Іерарх узначаліў цэлебрацыю і прамовіў гамілію, у якой засяродзіў увагу ўдзельнікаў рэкалекцый на важнасці пакаяння і перапрашэння за грахі, а таксама малітвы за ўсіх жыхароў нашай краіны.

Пасля святой Імшы адбылася аскетычная канферэнцыя, якую правёў кс. Віталь Цыбульскі, пробашч з Уселюба. Познім вечарам па вуліцах Навагрудка прайшоў пакутны Крыжовы шлях у інтэнцыі нашай краіны. У набажэнстве таксама ўзяў удзел біскуп Алег Буткевіч, які на заканчэнне Крыжовага шляху прамовіў пакаянную малітву за нашу краіну, узятую з біблійнай кнігі прарока Даніэля. Падчас малітвы ўдзельнікі рэкалекцый ляжалі крыжам на знак глыбокага пакаяння, уміласціўлення за грахі народа, перад Усемагутным Богам.

Рэкалекцыі адзначаліся высокай інтэнсіўнасцю малітваў і пакаянных практык: адбыліся дзве усяночныя адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, удзельнікі маліліся Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці, Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі.

Адбылася пешая пілігрымка ва Уселюб да Маці Божай Новага Жыцця, падчас якой удзельнікі прайшлі 15 кіламетраў, а таксама Фацімскае набажэнства з працэсіяй са свечкамі.

 

Рэкалекцыі завяршыліся ў нядзелю 7 верасня святой Імшой і сведчаннямі ўдзячнасці за магчымасць удзелу ў такіх неабходных для нашай Радзімы духоўных практыкаваннях.

кс. Юрый Жэгарын

для друку для друку