У Навагрудку адбудуцца рэкалекцыі прысвечаныя св. Францішку Асізскаму з нагоды 800-годдзя з дня яго смерці

З 13 па 15 сакавіка 2026 года парафія святога Арханёла Міхала ў Навагрудку запрашае вернікаў на духоўныя практыкаванні прысвечаныя св. Францішку Асізскаму. Гэта будзе асаблівы час сустрэчы з Богам праз прызму жыцця і сведчання аднаго з самых вялікіх святых Каталіцкага Касцёла.

Рэкалекцыі правядзе францішканін — айцец Яўген Голуб з Івянца – святар, які мае багаты досвед духоўнага суправаджэння і глыбокае разуменне францішканскай духоўнасці.

Дзякуючы рэкалекцыйным навукам, удзельнікі змогуць не толькі пазнаёміцца з гістарычнай постаццю святога Францішка, але і адкрыць для сябе актуальнасць ягонага паслання ў сучасным свеце. Айцец Яўгеній, дапаможа зазірнуць у самыя глыбіні евангельскага жыцця, натхняючыся прыкладам Божага Жабрака.

Сапраўднай духоўнай падзеяй стане магчымасць ушанаваць рэліквіі святога Францішка Асізскага, якія будуць прывезеныя ў Навагрудак з нагоды 800-годдзя яго нараджэння для неба. Гэты юбілейны год – асаблівы час, каб дакрануцца да рэліквій і адчуць яднанне з традыцыяй Касцёла, якая праз стагоддзі нясе святло Евангелля.

Святы Францішак Асізскі – заступнік эколагаў, міратворац і чалавек, які адмовіўся ад багацця дзеля служэння бедным і абвяшчэння Добрай Весткі. Яго любоў да ўсяго стварэння, да кожнага чалавека з’яўляецца жывым прыкладам таго, як жыць Евангеллем штодня.

Падчас рэкалекцый вернікі змогуць паразважаць над тым, як знайсці сваю дарогу да Бога ў сучасным секулярным свеце, натхняючыся лагоднасцю і радасцю святога з Асізі.

Парафія святога Арханёла Міхала запрашае вернікаў, каб разам перажыць гэты асаблівы Вялікапосны час.

Кс. Юрый Жэгарын

для друку для друку