7 мая рыма-каталіцкую парафію Маці Божай Будслаўскай у Мінску наведалі імам з міністэрства па справах рэлігіі Турцыі Мустафа Такасі і аташэ па справах рэлігій пры пасольстве Турэцкай Рэспублікі Байрам Оздэмір, паведамляе Catholic.by.
Сустрэча прайшла ў межах міжрэлігійнага дыялогу і стала своеасаблівым адказным візітам на ўдзел прадстаўніка Касцёла кс. каноніка Францішка Рудзя, пробашча парафіі на Каменнай Горцы, у красавіцкіх чытаннях «Ісламскія традыцыі ў выхаванні падрастаючага пакалення». Ксёндз Францішак зачытаў удзельнікам чытанняў прывітальнае слова арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча, але, як відаць, кантакты паміж прадстаўнікамі дзвюх рэлігій на талерантнай беларускай зямлі атрымалі свой працяг на міжнародным узроўні.
Удзельнікі дыялогу сышліся ў меркаванні, што міжрэлігійнае супрацоўніцтва паспрыяе пераадоленню магчымых непаразуменняў і ўзаемнай падазронасці, а таксама станоўча паўплывае на міжнцыянальныя адносіны, што стане моцным пазітыўным унёскам у падтрыманне і паглыбленне cацыяльна-палітычнай стабільнасці ў нашай краіне.
Міжрэлігійны дыялог пакліканы дапамагчы аб’яднанню намаганняў людзей розных веравызнанняў і нацыянальнасцяў у супольным адказе на глабальныя выклікі, якія ствараюць пагрозу для агульначалавечых каштоўнасцяў.
Вітаючы гасцей у сваёй парафіі, яе пробашч кс. канонік Францішак Рудзь, між іншым, адзначыў: «Каталіцкі Касцёл з павагай ставіцца да іншых сусветных рэлігій. Гэты факт замацаваны ў дэкларацыі Другога Ватыканскага сабора Nostra Ætate пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій.
Я ўдзячны нашым гасцям, прадстаўнікам ісламу, за шчырае жаданне супрацоўніцтва. Мы павінны аб’днаць намаганні дзеля адстойвання агульначалавечых маральных каштоўнасцяў і ўсталявання міру на Зямлі».
Госці з цікавасцю пазнаёміліся з жыццём парафіі, пагутарылі з вернікамі, наведалі выставу малюнкаў дзяцей і моладзі, выкананых у межах катэхізацыі. На развітанне кс. Францішак падараваў гасцям першае афіцыйнае рыма-каталіцкае выданне Новага Запавету на беларускай мове.
для друку