У Мікалаеве адбылася Імша на магіле вязняў з Беразвечча, якія загінулі ў 1941 годзе (+відэа)

mikalaeva19У вёсцы Мікалаева Шумілінскага раёна ўшанавалі памяць ахвяр, якія загінулі ад рук сталінскіх катаў 75 гадоў таму.

Напачатку вайны з немцамі вязняў турмо ў Беразвеччы савецкія ўлады вырашылі эвакуяваць на ўсход. План прадугледжваў правядзенне гэтай эвакуацыі з дапамогай чыгуначнага транспарту. Але імклівае наступленне немцаў перашкодзіла ажыццяўленню гэтага плана: чыгунка была занятая вайсковымі эшалонамі, некаторыя станцыі захопнікі паспелі разбамбіць, цэнтральныя дарогі таксама былі патрэбныя для патрэбаў войска.

Таму было вырашана праводзіць эвакуацыю ў пешым парадку. Вязняў, што ўтрымліваліся ў Беразвецкай турме, 24 чэрвеня выгналі на турэмны двор і пагналі пешкі на ўсход да Віцебска.

Людзям не давалі есці і піць, іх гналі прасёлачнымі дарогамі на ўсход. Шмат хто з вязняў загінуў па дарозе ад голаду і абяссілявання.

У абед 26 ліпеня каля Улы калона перайшла мост праз Дзвіну. У гэты час над калонай стаў кружыць нямецкі самалёт, які адкрыў агонь па канваірах. Вязняў спачатку палажылі на зямлю, а потым сталі страляць па іх з кулямётаў. З некалькі тысяч чалавек выратавацца ўдалося толькі адзінкам. Як успамінаюць відавочцы таго злачынства, уся дарога была чырвонай ад крыві.

Канваіры загадалі вяскоўцам звясці трупы людзей у капцы для бульбы. Калі прыйшлі немцы, целы загінуўшых эксгумавалі і загадалі пахаваць у агульнай магіле на ўскрайку лесу каля вёскі Мікалаева.

Доўгі час гэта магіла стаяла закінутая, але ў 90-х гадах мінулага стагоддзя тут з’явіўся невялікі помнік.

У нядзелю 26 чэрвеня тут адбылася святая Імша ў памяць тых, хто загінуў на Дарозе смерці ў чэрвені 1941 года. На ёй прысутнічалі жыхары Мікалаева і Улы, прадстаўнікі польскай амбасады на чале з амбасадарам Конрадам Паўлікам, святары з Улы, Лёзна, Глыбокага і Віцебска. Богаслужэнне ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.

mikalaeva12

У сваім слове да вернікаў біскуп звярнуў увагу на тое, што мы павінны памятаць пра ўсе ахвяры вайны, каб не дапусціць такіх злачынстваў у будучыні. Ён адзначыў, што гэтыя ахвяры павінны аб’яднаць беларускі і польскі народы ў іх імкненні да міру.

Ён таксама адзначыў каштоўнасць свабоды ў чалавечым жыцці. Кожны чалавек нараджаецца свабодным, – адзначыў іерарх, – але, на жаль, знаходзяцца людзі, якія хочуць забраць у чалавека гэту свабоду. Нам усім трэба не дапусціць паўтарэння такіх трагедый у будучыні. А каб такое не паўтаралася, трэба памятаць пра гэтыя ахвяры.

Трэба адзначыць, што хаця лічыцца, што ў Мікалаеве пахаваны ў асноўным палякі, гэта ў сваёй большасці жыхары Глыбоччыны, Пастаўшчыны, Шаркаўшчыны, Браслаўшчыны, Мёршчыны… Так, яны лічылі сябе палякамі, бо да 1939 года нашы землі ўваходзілі ў склад Другой Рэчы Паспалітай.

На жаль, наша дзяржава пакуль не імкнецца памятаць пра гэтых людзей. На помніку ў Мікалаеве стаіць надпіс, што гэты помнік людзям, што загінулі 26 чэрвеня 1941 года, але ад чыіх рук загінулі, не ўзгадваецца.

mikalaeva01

Пакуль жа толькі беларускія хрысціяне памятаюць і моляцца за ахвяраў той вайны, прычым моляццпа за ўсіх ахвяраў.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку