У межах святкавання 25-годдзя дыяцэзіі ў Віцебску прайшла сустрэча духавенства

У суботу, 12 кастрычніка, у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску адбылася сустрэча святароў і сясцёр законных у межах святкавання Юбілейнага года Віцебскай дыяцэзіі.

Сустрэча духавенства пачалася з супольнай малітвы Літургіяй гадзінаў. Пасля чаго ксёндз канонік Валерый Марціноўскі прамовіў кароткую канферэнцыю, прысвечаную ролі катэдральнага касцёла і біскупа ў дыяцэзіі.

Пасля заканчэння канферэнцыі адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту з магчымасцю споведзі.

Цэнтральнай часткай сустрэчы стала святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. “Дзякую Богу за гэты час і складаю святую ахвяру за вас і за ўсіх, дзякуючы каму паўстала наша дыяцэзія” – сказаў біскуп на пачатку святой Імшы.

Падчас казання біскуп Алег засяродзіў асаблівую ўвагу на тэме падзякі, еднасці і Божай ласкі. “Сённяшняя наша сустрэча мае асаблівы характар, бо збіраемся каб падзякаваць Богу за час існавання Віцебскай дыяцэзіі, выказаць нашую радасць і адчуць, што Бог ніколі не пакідае свой народ. Народ, які мы ўсе ўтвараем.

Адзінства – сёння вельмі важная якасць. Асаблівым прыкладам адзінства для нашай дыяцэзіі, з’яўляецца яе галоўны апякун — Язафат Кунцэвіч, які да смерці змагаўся за адзінства хрысціянаў. Пра роўнасць і адзінства піша апостал Павел у пасланні да галатаў, аднак яго словы: “Няма ўжо ні эліна, ні габрэя, няма мужчыны ці жанчыны…” – сёння выкарыстоўваецца рознымі ідэалогіямі ў перагорнутым сэнсе, бо, кажучы пра адзінства і роўнасць, і даючы чалавеку выбар у фундаментальных рэчах, яны адкідаюць тое, што было ўстаноўлена Богам. Выбар, зроблены без апоры на Бога ніколі не прынясе ні адзінства, ні роўнасці. Таму парадак у жыцці чалавека магчымы толькі калі ён памятае, што перш за ўсё з’яўляецца духоўнай істотай і карыстаецца прынцыпамі, дадзенымі Богам у Езусе Хрысце. Каб праўда мела магчымасць быць пачутай, святы папа Ян Павел ІІ у свой час устанавіў новую структуру ў касцёле Беларусі – нашу дыяцэзію”.

Далей яго эксцэленцыя звярнуўся да статыстыкі: “За гэтыя гады Віцебская дыяцэзія значна павялічылася. Сёння мы маем 85 парафій, якія аб’яднаныя ў 9 дэканатаў, у якіх працуюць 65 святароў і 37 сясцёр законных. За гэтыя гады з’явіліся і ўзраслі 3 санктуарыя, маем абраз Маці Божай Браслаўскай, каранаваны папскімі каронамі, і з гэтага года маем сваю малую базыліку” – сказаў біскуп, заахвочваючы прысутных далей маліцца, каб гэтыя лічбы толькі павялічваліся, і працягнуў: “Аднак, лічбы не вырашаюць усяго, бо галоўнае – якасці тых, хто пайшоў за Божым заклікам, іх святасць. Таму няхай гэтае свята, якое перажываем сёння і наша сустрэча будуць для нас заклікам узмацняць асабістыя адносіны з Богам. Гэтым мы перш за ўсё сведчым людзям аб тым, які ёсць Бог.”

“Нягледзячы на цяжкасці і выпрабаванні сённяшняга часу ўсё ж глядзім у будучыню з аптымізмам, усведамляючы адну простую рэч – Божая любоў, апека, прысутнасць у жыцці выбраных ім людзей, якія ўтвараюць Касцёл – нязменная. Таму нашая надзея не пазбаўлена фундаменту і гарантыі, што, калі шукаем Божай волі, то атрымаем усё неабходнае дзеля большай Божай хвалы” – сказаў біскуп Алег.

У канцы святой імшы біскуп падзякаваў арганізатарам, парафіяльнаму хору, якія ўпрыгожылі літургію, міністрантам і ўсім прысутным.

На памяць пра сустрэчу біскуп разам са святарамі і сёстрамі законнымі зрабілі фота каля касцёла, затым сустрэча працягнулася. Духавенства выслухала дыяцэзіяльныя аб’явы, пасля чаго ўдзельнікі атрымалі невялікі падарунак.

Пасля абеду адбылася сустрэча Святарскай рады і дэканаў.

Лаліта Арлоўская, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі