Злачынцы затрымалі аўтамабіль на шашы і адкрылі агонь. Увогуле параненыя чатыры чалавекі, якія падарожнічалі са святарамі. Сярод параненых — адна жанчына, стан яе цяжкі.
Дваіх каталіцкіх святароў застрэлілі ў іх аўтамабілі ў неспакойным штаце Герэра на паўднёвым захадзе Мексікі, — паведамілі ў панядзелак, 5 лютага, мясцовыя службы бяспекі.
«Просім Бога аб навяртанні для тых, якія забыліся, што мы ўсе — браты, і дапускаюць учынкі, якія раняць чалавечую годнасць, накіраваныя супраць дару жыцця і выклікаюць пакуты ў сем’ях і грамадстве», — гаворыцца ў заяве архідыяцэзіі Акапулька.
Матыў атакі невядомы. Па дадзеных мясцовага каталіцкага партала, Мексіка застаецца самай небяспечнай краінай свету для святароў і духоўных асоб. За апошнія шэсць гадоў там загінуў 21 святар.
Улады ЗША ў студзені «рашуча адгаворвалі» сваіх грамадзян падарожнічаць па пяці мексіканскіх штатах, у прыватнасці Герэра. У кожным з іх дзейнічаюць наркакартэлі, там пралягаюць шляхі кантрабанды наркотыкаў ці нелегальна вырошчваюцца псіхаактыўныя культуры. Усе гэтыя штаты былі класіфікаваны як група рэгіёнаў з высокім узроўнем небяспекі (побач з ахопленымі вайной Сірыяй, Еменам і Самалі).
Паводле credo.pro
