У ліпені Папа запрашае маліцца за душпастыраў, якія апякуюцца хворымі

“Калі святар падыходзіць да чалавека, каб удзяліць намашчэнне хворых, ён не абавязкова дапамагае яму развітацца з жыццём. Думаць пра гэта так – значыць адмовіцца ад усякай надзеі. Значыць лічыць само сабой зразумелым, што пасля святара прыйдзе трунар”, — заўважыў Папа.

2 ліпеня 2024 года Сусветная малітоўная сетка апублікавала відэа, у якім Святы Айцец асабіста абвяшчае і тлумачыць сваю інтэнцыю на ліпень. Запрашэнне Пантыфіка да малітвы ўсяго Касцёла з’яўляецца спосабам паказаць, што намашчэнне хворых – гэта сакрамант супольнасці і адносін.

“У час болю і хваробы мы не самотныя: святар і тыя, хто прысутнічае падчас намашчэння хворых, прадстаўляюць усю хрысціянскую супольнасць, якая, як адзінае цела, збіраецца вакол людзей, якія пакутуюць, і іх сем’яў, сілкуючы іх веру і надзею, падтрымліваючы іх малітвай і братэрскай цеплынёй”, — сказаў Папа ў лютым 2014 года перад тысячамі вернікаў на агульнай аўдыенцыі, прысвечанай гэтаму сакраманту.

“Давайце памятаць пра тое, што намашчэнне хворых – гэта адзін з “сакрамантаў аздараўлення”, “лячэння”, які ацаляе дух”, — заклікае Папа Францішак.

Гэты сакрамант гарантуе блізкасць Езуса да болю цяжкахворых і пажылых людзей, палягчэнне іх пакут і прабачэнне грахоў, але ён не павінен параўноўвацца з цудам аздараўлення цела або блізкай смерцю.

“Молімся аб тым, каб сакрамант намашчэння хворых даваў моц Пана людзям, якія яго прымаюць, і іх блізкім і штораз больш станавіўся для ўсіх бачным знакам спачування і надзеі”, — агучыў Папа сваю інтэнцыю на ліпень.

Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі