12 лістапада ва ўрачыстасць галоўнага апекуна Віцебскай дыяцэзіі св. Язафата Кунцэвіча, у касцёле св. Казіміра ў Лепелі адбылася сустрэча духавенства з біскупам Алегам Буткевічам. Месца было выбрана нездарма, бо менавіта ў гэтым годзе Лепельская парафія адзначае 420 гадоў свайго існавання, а ў мінулым годзе адзначаўся 400-гадовы юбілей мучаніцкай смерці св. Язафата.
Вырашыўшы розныя пытанні з прадстаўнікамі курыі, набыўшы літаратуру ў выдавецтва Pro Christo і календары на надыходзячы год у спадарыні Аляксандры Шчыглінскай ці рэдакцыі “Дыялог”, святары і сёстры накіраваліся ў касцёл, каб праслухаць канферэнцыю а. Аляксандра Жарнасека МІС. Марыянін разважаў над тэмай аўтарытэту ў духоўным жыцці, звярнуўшы ўвагу над тым, як жа цяжка змяніць мышленне ў дарослым жыцці. Дакладчык дадаў, што “наша задача – гэта быць сейбітам”, каб закінуць добрае зерне, а ўжо ад чалавека залежыць, зможа яно прарасці ці не. Таксама святар распавёў пра розныя віды духоўнасці, якія можна сустрэць у хрысціян і падкрэсліў, што “калі ідзём за духоўнасцю, то часам сам Хрыстос знікае з гарызонту, і акцэнты змяшчаюцца”.
Пасля адарацыі Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце ў цішыні была цэлебравана святая Імша.
Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек прысвяціў гамілію постаці святога Язафата Кунцэвіча і яго адносінам і клопату да еднасці хрысціян.
Пасля малітоўнай часткі сустрэчы адбыліся аб’явы. Біскуп Алег распавёў пар персанальныя змены ў дыяцэзіі: новым дырэктарам ДКТ “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі стаў кс.канонік Віктар Місевіч, таксама пастыр прывітаў на Віцебшчыне новых святароў у Докшыцах – братоў капуцынаў Ігара Колзуна і Аляксандра Астраушка.
Так як у нашай краіне трывае перарэгістрацыя рэлігійных абшчын, з гэтай нагоды перад святарамі выступіў Іван Аляксандравіч Здзесеў, спецыяліст аддзела ідэалогіі Віцебскага аблвыканкама, які адказаў на ўсе хвалюючыя пытанні па запаўненні і збору дакументацыі для гэтай працэдуры.
Наступная пастырская сустрэча пройдзе ў 17 снежня ў Полацку.
Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота