1 мая, калі ў касцёле адназначаецца ўспамін Святога Юзафа Рамесніка, у парафіі св. Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах адбылося асвячэнне новага крыжа.
Крыж быў усталяваны намаганнямі парафіян у вёсцы Даўнары. Гэта ўжо чацвёрты крыж, які быў асвечаны пробашчам Анджэем Бураком за час яго святарскай паслугі ў парафіі. Пасля асвячэння крыжа ксёндз разам са сваімі парафіянамі адправілі маёвае набажэнства. Падчас яго прасілі Маці Божую аб усіх патрэбных ласках для сябе і для усёй парафіі. Няхай кожны, хто праходзіць або праязджае каля гэтага крыжа, спыніцца на хвілінку, падыме свае вочы, засяродзіцца і з верай скажа “Амэн”. Гэта кароценькая малітва будзе выразам вялікай павагі да крыжа Хрыста.
Крыж – гэта знак нашага збаўлення. Бог з’яўляецца жывым, таму ксёндз Анджэй заклікаў не пакідаць каля крыжа штучныя кветкі і пахавальныя вянкі падчас пахавальнай працэсіі, а прапанаваў, каб маладыя сужонкі, пасля прыняцця сакрамэнту шлюбу, прыносілі сюды жывыя кветкі, як знак пашаны і падзякі.
Святы айцец Францішак заўсёды просіць аб малітве ў яго інтэнцыіі, таксама і ксёндз-пробашч на заканчэнне набажэнства папрасіў сваіх парафіян маліцца за яго і і ва ўсіх інтэнцыях Лаздунскай парафіі. Пасля благаслаўлення вернікі вярнуліся дадому, каб з верай несці крыж сваіх штодзённых клопатаў і абавязкаў.
кс. Анджэй Бурак, тэкст
Максім Авіжыч, фота