30 ліпеня у касцёле св. Ігнацыя ў Віцебску адзначылі ўрачыстасць святога, імя якога носіць касцёл. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч.
На пачатку Літургіі біскуп Алег павіншаваў парафіян са святам. А падчас казання растлумачыў словы апостала Паўла, звязаўшы іх з прыкладам жыцця святога Ігнацыя.
“Што такое Божае валадарства, якое з’яўляецца мэтай хрысціянскага жыцця? Аб гэтым нам сёння кажа апостал Павел ў пасланні да рымлянаў: “Тым, хто любіць Бога, усё садзейнічае дзеля дабра”. Бачым, што Божае Валадарства – гэта нішто іншае, як адносіны з Богам. Гэта сапраўдны скарб чалавека, для якога ён гатовы аддаць ўсё.
“Тым, хто любіць Бога, усё садзейнічае дзеля дабра”. Імкнуцца да дабра – натуральная патрэба чалавека, закладзеная Богам. Апостал Павел дае вельмі просты шлях: для таго, каб усё садзейнічала дабру, чалавеку трэба любіць Бога.
Сёння мы маем прыклад святога Ігнацыя з Лаёлы. Калі ён сапраўды палюбіў Бога, яму ўсё, нават выпрабаванні, садзейнічалі на дабро. Да навяртання, здавалася, ён жыў добра, будаваў кар’еру, вёў актыўнае жыццё. Але аднойчы з ім здарылася бяда — быў паранены ў бітве. Гэтая бяда ў выніку сталася для яго благаслаўленнем.
Падчас хваробы яму няма чым было сябе заняць, таму ён чытаў кнігі. Гэта былі жыцці святых – тое, што знайшлося ў замке. Чытаючы, ён параўноўваў жыцці святых з іншай, свецкай, літаратурай, і зразумеў: тое, пра што ён чытаў, напаўняла сэрца сэнсам. Ён знайшоў скарб і па сённяшні дзень дапамагае знайсці гэты скарб іншым” – сказаў біскуп.
Пасля ўрачыстай святой Імшы ў кожнага была магчымасць ушанаваць рэліквіі святога Ігнацыя і атрымаць “запрашэнне на гарбату” з ім. Пасля чаго пробашч парафіі запрасіў усіх на інтэрактыўную прэзентацыю, на якой гледачы павялічылі свае веды пра жыццёвы шлях святога Ігнацыя і павесяліліся.
Пасля інфармацыйнай часткі гасцей і парафіян чакалі пачастунак і танцы.
Лаліта Арлоўская, тэкст;
jezuity.by, фота.
для друку