У новаасвечаным касцёле св. Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску адбыўся парафіяльны фэст. Урачыстасць прайшла з нагоды святкавання літургічнага ўспаміну св. Ігнацыя 31 ліпеня 2022 г.
Святую Імшу ўзначаліў кс. канонік Віктар Місевіч, які некалькі гадоў быў адміністратарам гэтай парафіі. На літургіі прысутнічаў а. Кляменцій Верт SJ, які будаваў гэты касцёл. Ён маліўся з парафіянамі як звычайны вернік, з-за таго што не мае дазволу свецкіх уладаў на рэлігійную дзейнасць.
У сваёй гаміліі кс. Віктар не выпадкова спачатку звярнуўся да маленькіх парафіянаў, бо дзеці — гэта адметнасць маладой супольнасці ў мікрараёне Білева ў Віцебску. Святар з маленькімі парафіянамі разважалі пра ролю святога заступніка Ігнацыя і Найсвяцейшай Панны Марыі ў гісторыі збаўлення людзей.
Звяртаючыся да больш старэйшай аўдыторыі, святар паразважаў пра духоўны сэнс фрэсак, якімі распісаны новы касцёл. Ён падкрэсліў галоўную думку з тэксту Евангелля на нядзельнай св. Імшы: не збірайце скарбы сабе, але перад Богам багацейце! Падчас набажэнства вернікі маліліся і дзякавалі Богу за прысутнасць айцоў-езуітаў у Віцебску.
Пасля святой Імшы адбылося ўшанаванне рэліквій святога Ігнацыя Лаёлы. Сапраўдны фэст не праходзіць без пачастункаў. Таму пасля малітвы ўсе вернікі разам са святарамі мелі магчымасць правесці час разам за салодкім сталом і сяброўскімі размовамі.
Святлана Вайсковіч, тэкст
Анатоль Бандарчук-Вошлаў, фота