Урачыстую цырымонію ўзначаліў кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін, якога Папа Францішак прызначыў сваім спецыяльным пасланнікам. Кансэкрацыя касцёла стала значнай падзеяй для ўсяго хрысціянскага свету.
Кардынал Паралін адзначыў унікальнасць месца, на якім пабудаваны новы касцёл. Яно знаходзіцца на ўсходнім беразе Ярдану, дзе сустракаліся многія біблійныя постаці. Лічыцца, што ў гэтым месцы Ян Хрысціцель ахрысціў Езуса.
Эль-Махтас, што па-арабску азначае пагружэнне, знаходзіцца ў самым нізінным месцы на Зямлі, але менавіта тут Бог выйшаў насустрач чалавецтву, — адзначыў бліжэйшы супрацоўнік Папы Францішка
Іерарх запэўніў хрысціян Блізкага Усходу, якія перажываюць цяжкія часы, у блізкасці і салідарнасці ўсяго Каталіцкага Касцёла. Ён заклікаў вернікаў не паддавацца роспачы, а верыць у тое, што Бог накіроўвае чалавечую гісторыю да справядлівасці і міру.
Кардынал Паралін заклікаў да спынення агню, вызвалення зняволеных і павагі да гуманітарнага права. Ён падкрэсліў, што будучыню трэба будаваць не на гвалце, а на фундаменце мірнага і гарманічнага суіснавання паміж народамі.
Іерарх выказаў падзяку каралеўскай сям’і, асабліва каралю Абдале II, і ўраду Іарданіі за падтрымку святога месца з тых часоў, як яно было адкрыта ў 1990-х гадах айцом Мікеле Пічырыла. Паралін выказаў спадзяванне, што новая святыня зможа стаць важным месцам пілігрымак, дзе вернікі будуць абнаўляць свой хрост і імкненне крочыць за Хрыстом.
Супрацоўніцтва паміж Святым Пасадам і Іарданіяй працягваецца: у лютым 2025 года ў Ватыкане пройдзе выстава «Іарданія. Світанак хрысціянства».
Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя Vatican News
