Іўешчына – ціхі куток у беларускай глыбінцы. Ён невядомы жудаснымі падзеямі ці катаклізмамі, не было тут і сусветных знакамітасцяў, аднак вядомы размеранасцю жыцця, святынямі, міжканфесійным мірам і сціплымі людзьмі, якія стагоддзямі жылі на гэтай зямлі.
Склалася так, што гісторыя іўеўскай парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла вывучана недасканала і, на жаль, многім яе вернікам дакладна невядомая, ды і крыніцы, якія маглі б задаволіць інтарэс, не заўсёды можна проста і хутка знайсці.
У верасні 2022 года парафія разам з мясцовым музеем нацыянальных культур арганізавала выставу “Артэфакты іўеўскага касцёла”. Гэтая ініцыятыва знайшла водгук перш за ўсё ў іўеўчан – ім было цікава больш даведацца аб роднай святыні. Акрамя гэтага, выстава стала героем выпуску навін дзяржаўнага тэлебачання.
Адкрыццё парафіяльнага музея – своеасаблівы працяг і “апгрэйд” выставы: знайшлося больш звестак, экспанатаў, літаратуры і дакументаў.
Да стварэння музея далучыліся мясцовыя краязнаўцы, энтузіясты, калектыў Іўеўскага музея нацыянальных культур – менавіта яны, як спецыялісты, давалі кансультацыі, – і самі парафіяне.
Музей размешчаны ў адным з пакояў былога бернардынскага кляштара. У 1930-я гады ў гэтым памяшканні знаходзілася парафіяльная канцылярыя. Ксёндз Ільдэфонс Бобіч, які быў у той час пробашчам іўеўскай парафіі, стварыў яе бясцэнную манаграфію. Задума заключаецца ў тым, што святар піша ў сваёй канцылярыі манаграфію парафіі: вывучае дакументы, збірае фатаграфіі і даследуе гісторыю некаторых рэчаў, усебакова апісвае штодзённае жыццё парафіі і мястэчка.
Прадметны шэраг музея будзе даволі багаты, дзякуючы таму, што святыню абышлі разбурэнні дзвюх сусветных войнаў і закрыццё ў савецкі час. Засталіся літургічныя рэчы (арнаты, келіх, трыбулеж, падсвечнікі і г.д.) і элементы інтэр’ера пачынаючы з XVIII стагоддзя, фотаздымкі, метрычныя кнігі міжваеннага і пасляваеннага часоў.
Нямала матэрыялу будзе прысвечана кс. Ільдэфонсу Бобічу. Святар быў пісьменнікам, перакладчыкам і доктарам філасофіі, прыхільнікам беларускай мовы ў Касцёле, меў бібліятэку. У экспазіцыі будуць прадстаўлены яго рукапісы і кнігі.
Увазе наведвальнікаў прапануюцца і малюнкі таго, як выглядаў кляштар 200 год таму, а таксама выявы святыняў, якія да нашага часу не захаваліся. Сваё месца знайшлі дакументы касцёльнага камітэту ў савецкі час: лісты ў мясцовыя арганізацыі, выканкам і нават Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі з просьбай аб падключэнні электрычнасці, рамонце і прызначэнні святара. Адведзена месца і гісторыі апошніх 40 гадоў, калі ў іўеўскую парафію быў прызначаны першы пасля атэістычнага савецкага перыяду пробашч кс. Леанід Нясцюк. За гэты час летапіс парафіі папоўніўся многімі падзеямі.
У дадатак наведвальнікі змогуць скарыстацца даследваннямі краязнаўцаў, якія размяшчаліся ў газеце “Іўеўскі край”, сацыяльных сетках мясцовага музея і раённай бібліятэкі.
Месца ў пакоі абмежавана, таму на тых экспанатах, якія маюць багатую гісторыю, знаходзіцца QR-код. Карыстаючыся ім, госць зможа больш даведацца аб экспанаце, які яго зацікавіў. Гэта можа быць гісторыя жыцця кс. Бобіча, апісанне капліц парафіі і святыняў, якія не захаваліся да нашых дзён.
Наведаць музей можа кожны жадаючы. Для гэтага неабходна звярнуцца ў парафіяльную канцылярыю альбо загадзя напісаць на электронную пошту dekanat.iwje@gmail.com.
для друку