У хаце халодна. Трэба сёння тапіць. Ці так павінна быць па-беларуску?

Нагодай для сённяшняга матэрыялу нашай моўнай старонкі стаў допіс сталага чытача “Каталіцкага Весніка” спадара Уладзіміра з Шаркаўшчынскага раёна. Сярод некалькіх пытанняў, якія ён закранае ў сваім лісце, звяртае на сябе ўвагу адно, найбольш актуальнае, на наш погляд. Так, спадар Уладзімір, у прыватнасці, піша: “Даўно хацеў высветліць для сябе, як правільна па-беларуску сказаць. Маю на ўвазе сітуацыю, калі мы абаграваем хату. І хоць зіма ўжо амаль закончылася, але пытанне гэтае неяк не пакідае мяне. У нас кажуць “тапіць”. Напрыклад, тапіць хату, тапіць кухню ці веранду. Але ў мяне ёсць сумненні, ці правільна гэта? Бо паяўляецца нейкая двухсэнсоўнасць…”

Адразу адзначым, што закранутае сп. Уладзімірам пытанне насамрэч важнае, яно нярэдка ўздымаецца аматарамі культуры роднага слова і патрабуе адпаведнага разгляду. Таму паспрабуем разабрацца, як павінна ўсё ж быць па-беларуску.

Канструкцыі кшталту трэба тапіць у хаце, пратапіць у кухні, печка будзе доўга тапіцца дастаткова распаўсюджаныя ў вуснай камунікацыі на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Міжволі прыгадваю, як недзе гадоў трыццаць таму трапілася мне на вочы публікацыя ў адной з нашых раённых газет, дзе апісваўся побыт маладой сям’і, што пераехала ў вёску. І сярод іншага фраза: палаюць дровы, топіцца печ. Я адмыслова тады выпісаў гэты кантэкст, бо ён насамрэч паказальны, нібы з’яўляецца часткай нейкага сюррэалістычнага сюжэту. Варта толькі прывесці асноўнае значэнне дзеяслова тапіць – “сілай апускаючы ў ваду, прымушаць ісці на дно; затапляць”. Тады атрымліваецца, што дровы палаюць, нягледзячы на тое, што печ апускаецца ў ваду:) Насамрэч, чым не сюррэалістычны матыў?)

Дзеяслоў тапіць, акрамя згаданага, мае, што праўда, і іншыя значэнні: 1. Пагружаць у сябе што-небудзь (Раз’езджаная дарога тапіла калёсы. Цішка Гартны); 2. Губіць, выдаючы, абгаворваючы каго-небудзь ( – А ты будзеш  на паноў старацца ды людзей тапіць? – не сцярпела Аўгіня. Якуб Колас); 3. Заглушаць пры дапамозе чаго-небудзь пачуцці, думкі (Бацька папёр падсвінкаў на падворак, сагнаў на іх злосць і пачаў тапіць сваю крыўду ў працы. Аляксей Карпюк). Як бачым, ніводнае з прыведзеных значэнняў слова тапіць не падыходзіць да нашага кантэксту. Дык як жа тады павінна быць?

Несумненна, варта, калі мы гаворым пра пячное ацяпленне, выкарыстоўваць дзеясловы паліць і цепліць. Як падае “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы”, паліць – “абаграваць, награваць памяшканне, раскладваючы агонь у печы, пліце і г.д. (У бібліятэцы, відаць, яшчэ не палілі, і Наташа амаль не валодала пасінелымі ад холаду рукамі. Мікола Ракітны; Пакуль мужчыны палілі лазні, дзяўчаты і жанчыны мылі ў хатах падлогу, прыбіралі ў сенцах. Алесь Асіпенка).

Цепліць (цяпліць) – “абаграваць памяшканне, палячы ў печы або раскладаючы агонь” (У пятніцу пасля абеду аканом загадаў цяпліць лазню для мужчын. Аркадзь Чарнышэвіч).

Тут выразна бачна, што дзеяслоў непасрэдна карэлюе ў семантычных адносінах з паняццем цяпло. Таму і ўжыванне формаў працепліць ці выцепліць таксама цалкам прымальнае.

Такім чынам, вынесеная ў загаловак канструкцыя няправільная, яна парушае культуру беларускага маўлення. З задавальненнем адзначым добры моўны густ нашага чытача сп. Уладзіміра, яго чуйнасць да роднага слова. А найлепшым, на наш погляд, быў бы такі варыянт: У хаце халодна. Трэба сёння працепліць.

Спадзяёмся, што прапанаваны матэрыял паспрыяе далейшаму засваенню сапраўды адметных беларускіх слоў і словазлучэнняў, якія адлюстроўваюць у сканцэнтраванай форме шматвяковы досвед нашага народа.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку