У Гродне прайшоў Крыжовы шлях па вуліцах горада

28 сакавіка ў Гродне адбыўся Крыжовы шлях па вуліцах горада. Набажэнства ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, у ім узялі ўдзел некалькі тысяч чалавек з парафій горада і наваколля.

Крыжовы шлях па гродзенскіх вуліцах стаў традыцыяй, штогод збірае вялікую колькасць удзельнікаў, дае магчымасць усвядоміць таямніцы мукі, смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста.

Набажэнству папярэднічала Імша, якую ў катэдры св. Францішка Ксаверыя цэлебраваў біскуп Гродзенскі ў інтэнцыі прысутных і ўсіх, хто ўтварае мясцовы Касцёл.

У гаміліі біскуп сказаў: “Вялікі пост – час асаблівай цішыні і праўды, час, калі Касцёл заклікае нас паглядзець у глыбіню свайго сэрца і адважыцца сустрэцца з тым, ад чаго мы часта ўцякаем: са сваёй слабасцю, з уласным крыжам, з праўдай пра сябе. І менавіта ў гэтым кантэксце перад намі паўстае крыж Хрыста – не як сімвал пакуты, а як знак любові, якая ідзе да канца, не адступае, не ўцякае, застаецца вернай нават тады, калі ўсё здаецца страчаным. Бо крыж – гэта не выпадковасць, не трагедыя, не памылка гісторыі, а свядомы выбар любові, праз які Бог паказвае, наколькі далёка Ён гатовы пайсці, каб выратаваць чалавека”.

Па словах біскупа, у літургічных чытаннях дзён посту бачна, што Езус Хрыстус “прымае волю Айца, нават калі яна вядзе праз боль, праз адзіноту, праз крыж”, і ў гэтым адкрываецца, што “крыж, калі ён перажываецца з Богам, не знішчае чалавека, а, наадварот, ачышчае, умацоўвае і вядзе да новага жыцця”.

Іерарх назваў Крыжовы шлях па гарадскіх вуліцах “сведчаннем, што крыж Хрыста не застаўся ў мінулым, а прысутнічае ў жыцці чалавека і сёння”. “Горад – месца, дзе жыве чалавек, шукае сэнс і часта губляе яго. І менавіта ў гэтым горадзе мы будзем сведчыць, што Бог не пакінуў чалавека, што Ён і сёння ідзе разам з ім, і сёння нясе крыж разам з кожным, хто пакутуе, – дадаў біскуп. – Вельмі часта мы не разумеем свой крыж, бунтуем супраць яго, хочам пазбавіцца ад яго любой цаной. Але крыж — гэта не толькі цяжар. Гэта месца сустрэчы з Хрыстом, школа любові, дарога, якая вядзе нас да глыбіні, якой мы без крыжа ніколі не дасягнулі б”.

Біскуп падкрэсліў, што “апошняе слова заўсёды належыць не крыжу, а любові і ўваскрасенню, але каб дайсці да ўваскрасення, трэба прайсці праз крыж”.

“Сённяшні свет вучыць нас уцякаць ад крыжа, пазбягаць цяжкасцей, шукаць толькі камфорту і лёгкасці. Але гэта ілюзія. Хрыстус паказвае іншы шлях — шлях вернасці, шлях ахвяры, шлях любові, якая не баіцца высокай цаны”, – сказаў іерарх.
Ён пажадаў удзельнікам убачыць у гэтым набажэнстве “не толькі Езуса, але і сябе”: “Бо мы таксама падаем, як Ён, стамляемся, як Ён, часам сустракаем абыякавасць, як Ён. Але мы таксама можам падняцца, можам ісці далей, можам любіць”. Біскуп прапанаваў падумаць над пытаннем: “Дзе ў маім жыцці крыж, як я яго нясу, нясу я яго з Хрыстом ці спрабую несці сам?” “Калі несці яго самастойна – ён знішчае. Калі з Хрыстом – ён вядзе да жыцця”, – патлумачыў іерарх.

У пачатку набажэнства Крыжовага шляху ён адзначыў, што гэта не толькі ўспамін аб гістарычным факце: “Мы верым, што Езус праходзіць па вуліцах нашага горада, па калідорах нашых бальніц, па пакоях нашых кватэр цяпер, у гэты момант”.

Разважанні на прыпынках Крыжовага шляху былі адрасаваны розным людзям: тым, чыя праца звязана з прыняццем рашэнняў, цяжка хворым і іх блізкім, пажылым людзям, шматдзетным маці, моладзі, дзецям, тым, хто шмат працуе, але не бачыць плёну працы, настаўнікам і выхавацелям, тым, хто перажывае крызіс веры, сужэнцам, якія перажываюць цяжкасці ў адносінах, тым, хто чакае вынікаў медыцынскіх аналізаў, паміраючым і іх блізкім, тым, хто аплаквае смерць блізкіх, тым, хто застаўся адзін пасля ад’езду дзяцей. Шлях праходзіў праз цэнтральную плошчу горада, вялікі крыж неслі вернікі гродзенскіх парафій.

Скончылася набажэнства ў касцёле Адшукання Святога Крыжа. Біскуп падзякаваў прысутным за сведчанне веры і любові да Хрыста, якое яны далі ўдзелам у набажэнстве, выказаў падзяку тым, хто рыхтаваў яго, мясцовым уладам за дазвол правесці яго, супрацоўнікам праваахоўных органаў за падтрыманне парадку і бяспекі. Іерарх удзяліў пастырскае благаслаўленне і пажадаў добра правесці Вялікі тыдзень, які пачынаецца 29 сакавіка.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

для друку для друку