У Францыі праходзіць навэнна за мір праз заступніцтва Рабэра Шумана

Рабэр Шуман

З 16 па 24 лютага 2024 года ў французскай дыяцэзіі Мец праходзіць малітоўная навэнна за мір праз заступніцтва Слугі Божага Рабэра Шумана, першага Прэзідэнта Еўрапейскага Парламента.

На працягу дзевяці дзён вернікі закліканы прасіць Бога аб дары міру ў свеце, у тым ліку ва Украіне, Святой Зямлі і Нагорным Карабаху. На кожны дзень навэнны для разважання былі падрыхтаваны кароткія тэксты на тэму міру, узятыя са зваротаў і дакументаў Другога Ватыканскага Сабора, Яна ХХІІІ, Паўла VI, Яна Паўла ІІ, Бэнэдыкта XVI і Францішка.

У малітве праз заступніцтва Рабэра Шумана падкрэсліваецца, што ён “быў верным будаўніком міру, які выконваў свае свецкія абавязкі як апостальства”. Ён прычыніўся да “будавання першай супольнасці народаў, выказваючы пажаданне, каб “Еўропа прадвяшчала ўсеагульную салідарнасць будучыні”, а праз сваю дзейнасць “паказаў, што палітыка можа быць шляхам да святасці”, — гаворыцца ў тэксце малітвы.

Рабэр Шуман, адзін з айцоў-заснавальнікаў аб’яднанай Еўропы, з’яўляецца адпаведным заступнікам у справе міру, заўважыў у каментары для выдання La Croix арцыбіскуп Філіп Бало, пастыр дыяцэзіі Мец. Іерарх заўважыў, што дзейнасць Шумана, якая прывяла да французска-нямецкага прымірэння, а ў далейшай перспектыве да пачатку еўрапейскай інтэграцыі і заснавання Еўрапейскага Саюза, з’яўляецца добрым прыкладам, які трэба наследаваць. Гаворка ідзе пра тое, каб “стаць прадвеснікамі магчымага братэрства”.

Працэс беатыфікацыі Рабэра Шумана распачаўся ў 1990 годзе. 19 чэрвеня 2021 года Папа Францішак дазволіў абнародаваць дэкрэт Дыкастэрыі па справах кананізацыі аб прызнанні гераічнасці цнот гэтага палітыка.

Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі