У Францыі, нягледзячы на секулярызацыю, будуюцца новыя касцёлы

Хаця колькасць вернікаў у Заходняй Еўропе гадамі змяншаецца, у некаторых гарадах адраджаецца вера хрысціян. У мінулую нядзелю быў закладзены краевугольны камень для будаўніцтва новага касцёла ў горадзе Вуазен-Ле-Брэтоне недалёка ад Версалю. «Калі мы будзем паказваць толькі вобраз паміраючага Касцёла, ніхто не захоча да нас далучыцца», — кажа мясцовы пробашч.

Рэлігійны ландшафт Францыі даволі разнастайны. Варожыя напады на хрысціян шматлікія (амаль 1000 у 2020 годзе), у тым ліку акты вандалізму супраць касцёлаў і іншых месцаў культу.

У той час як многія дыяцэзіі павінны прыкласці намаганні, каб забяспечыць абарону апусцелых храмаў, ёсць месцы, дзе трэба задавальняць новыя душпастырскія патрэбы.

Добрым прыкладам гэтага з’яўляецца будаўніцтва касцёла ў Вуазен-Ле-Брэтоне. Вернікі гэтай шматтысячнай парафіі павінны збірацца кожную нядзелю на Св. Імшу ў арандаванай трэнажорнай зале. Як кажа пробашч парафіі, кс. Пэр П’ер-Эрвэ Грожан, не магу быць сляпым да сітуацыі Касцёла, але новы храм — гэта знак надзеі. Кошт будаўніцтва касцёла складзе каля 10 мільёнаў еўра. Палова з іх ужо сабрана, працягваецца збор ахвяраванняў на пакрыццё нестаючых сродкаў.

Новыя касцёлы будуюцца і ў шэрагу іншых гарадоў. У Чэле, які налічвае 55 тыс. жыхароў, плануецца завяршыць будову касцёла ў 2024 годзе. Касцёл таксама будуецца ў Валь д’Еўроп, раёне новага горада Марн-ла-Вале, які хутка развіваецца. У Клішы-су-Буа, таксама будуецца касцёл, які будзе прысвечаны Св. Яну XXIII.

Idzemy.pl

Пераклад Лаліты Арлоўскай

для друку для друку