Пробашч парафіі Унебаўшэсця Пана ў Дзеркаўшчыне адышоў да Пана 9 лістапада, за дзень да гэтага памерла яго маці – спадарыня Станіслава Мозгель. На Глыбоччыне ксёндз служыў крыху больш года, да гэтага былі парафіі ў Ветрыне, Фарынаве, Блізніцы, Бягомлі, Павяцці і Ідолце. Меў 17 год святарства.
11 лістапада развітацца з сабратам прыехалі святары з Глыбоцкага дэканату, да якога апошні год спачылы належыў, а таксама з іншых парафій Віцебскай і Гродзенскай дыяцэзій. Пахавальную Імшу цэлебраваў біскуп Алег Буткевіч і дзякаваў Богу за дар жыцця і паклікання ксяндза Леаніда, за тыя ласкі, якія Бог праз яго рукі ўдзяліў вернікам.
У гаміліі біскуп Алег выказаў смутак з прычыны заўчаснай смерці. “Нечакана і вельмі балюча. Малады святар, 52 гады. Можна шмат разважаць чаму так сталася, але напэўна ведаем, гледзячы вачыма веры на гэту сітуацыю, усім кіруе Пан Бог”.
Кажучы пра крызіс пакліканняў у сучасным свеце, іерарх заахвоціў вернікаў пры труне пробашча ў сваіх сэрцах абудзіць жаданне і малітву з просьбай аб новых пакліканнях да святарства. “Спадзяемся, што ксёндз Леанід будзе ў гэтым нашым заступнікам, будзе выпрошваць і на сваё месца, каб было каму яго заступіць у такой важнай і цяжкай справе святарскай паслугі.” Віцебскі ардынарый у сваім слове ўзгадаў і спачылую маці Станіславу, якая дала жыццё будучаму святару, а на дарозе паклікання была тым чалавекам, які дапамог адкрыць гэты вялікі дар у сэрцы сына. “Святарства нараджаецца ў сям’і і там распачынае ўжо сваю фармацыю на гэтай дарозе. Святарская заслуга кс. Леаніда вялікая, але ня меншая ў гэтым заслуга і яго маці.
Гэта сціплы святар, якога спакойна можна назваць місіянерам. Нарадзіўся на Гродзеншчыне, але служыць прыехаў на ўсход краіны – Ветрына, Фарынава. Распачынаў свой святарскі шлях на духоўнай цаліне, але ніхто і ніколі не чуў ад яго слоў наракання.”
На заканчэнне Эўхарыстыі словы спачуванняў парафіянам і падзякі за сціпласць і паслухмянасць спачыламу святару выказалі кс. Міхал Станчук, які быў яго першым пробашчам у 2006 годзе ў Фарынаве, дэкан Глыбоцкі кс. Мікалай Ціхановіч і дэкан Мёрскі, а ў мінулым папярэдні пробашч у Дзеркаўшчыне, кс. Андрэй Кулік. Кс. Андрэй сказаў, што мёрскія парафіяне з вялікім смуткам прынялі навіну аб смерці і духоўна далучаюцца да малітвы і памяці, бо не так даўно, ксёндз Леанід нёс Божае слова на мёрскай зямлі.
Пасля Імшы труна з целам ксяндза Леаніда была вынесеная з храма да рытуальнай машыны, дзе адбылася развітальная малітва, а затым труны святара і яго маці перавезлі на радзіму – у Старыя Васілішкі, дзе і адбудзецца пахаванне 12 лістапада.
Вечны адпачынак дай ім, Пане!
Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота