9 і 10 жніўня ў Віцебскай дыяцэзіі праходзіла VІ Парафіяда дзяцей і моладзі на тэматыку “Маці Божая, Якая развязвае вузлы людскога жыцця, маліся за нас!” Пасля двухгадовага перапынку ўдзел прынялі толькі пяць парафій: Віцебск (св. Антонія), Варапаева, Лынтупы, Дзеркаўшчына і Глыбокае.
Парафіяда – гэта фармацыя дзяцей і моладзі паводле трыяды: стадыён–тэатр–святыня. Пасля рэгістрацыі ўдзельнікаў урачыстае адкрыццё распачалося са святой Імшы, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB. У сваім слове да моладзі біскуп пажадаў “кожнаму прыняць рашэнне: за кім хачу ісці ў сваім жыцці, каго сапраўды хачу слухаць перадусім і рупліва маліцца, каб выбар кожнага з нас, зроблены свядома і дабравольна, быў трывалым”.
Першы дзень спаборніцтваў і фармавання сапраўднай сям’і Божых дзяцей праходзіў у Дзеркаўшчыне. Там удзельнікі паказалі свае здольнасці ў намінацыях “Тэатр” і “Святыня”. Таксама да моладзі з канферэнцыяй звярнуўся айцец Андрэй Агель SP са Шчучына, які прыбыў як назіральнік. Святар распавёў пра заснавальніка парафіяды – кс. Юзафа Ёнца.
Віцебскі ардынарый біскуп Алег Буткевіч на некалькі хвілін спецыяльна завітаў у Дзеркаўшчыну, каб прывітаць сваіх маладых дыяцэзіян, пажадаць Божых поспехаў у парафіядзе і ўдзяліць пастырскае бласлаўленне.
Першы дзень завяршыўся адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманта ў касцёле.
Другі дзень быў вельмі насычаным спартыўна. Спаборніцтвы (футбол, валейбол, пляжны валейбол, баскетбол, бег (60 м, 100 м і 400 м), скачкі ў даўжыню з месца і з разбегу, кіданне мяча, бадмінтон) праходзілі на гарадскім стадыёне ў Глыбокім пад руплівым судзейскім вокам настаўнікаў і трэнераў мясцовай спартыўнай школы. На заканчэнне дня ў касцёле Святой Тройцы дзеці і моладзь дзякавалі Богу за гэты разам праведзены час падчас святой Імшы, пасля якой адбыліся ўзнагароды.
Арганізатар парафіяды ў Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Валерый Орсік шчыра падзякаваў усім валанцёрам і аніматарам за яе падрыхтоўку, удзельнікам, якія адважыліся паказаць свае здольнасці і паспаборнічаць, апекунам, а таксама ўсім, хто матэрыяльным і духоўным чынам падтрымліваў правядзенне гэтага рэлігійна-культурна-спартыўнага мерапрыемства.
Па вынікам намінацый «Спорт-тэатр-святыня» пераможцамі сталі:
1 месца – Глыбокае
2 месца – Віцебск, св. Антонія
3 месца – Дзеркаўшчына
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Вялікі фотарэпартаж па спасылцы >>
для друку