5 чэрвеня – кананізацыя заснавальніка ордэна айцоў-марыянаў Станіслава Папчынскага
Калі глядзім на выяву айца Станіслава, можам быць упэўненымі, што ён выглядаў сапраўды так. Беатыфікацыйны абраз ствараўся па падставе сучасных крыміналістычных і камп’ютарных вынаходніцтваў. Супастаўляліся абрысы чэрапа, а таксама раней вядомыя выявы айца Станіслава. І такім чынам мастакі здолелі наблізіць да нас чалавека, які жыў больш за 350 гадоў таму. У твары святога можна ўбачыць надзвычайную еднасць дабрыні і лагоднасці, жыццёвай мудрасці і простасці.
Айцец Станіслаў быў чалавекам, глыбока адданым Божаму Провіду. Яшчэ ў законе піяраў яму неаднаразова даводзілася апынацца ў сітуацыях, па-людску невырашальных і драматычных. Чалавек вялікай працаздольнасці і высокіх маральных стандартаў, больш за ўсё ён шанаваў вернасць Богу. Менавіта таму трапіў у канфлікт са сваім законным начальствам, цярпеў несправядлівыя абвінавачванні, неразуменне і, больш за тое, быў пад пагрозай фізічнай расправы. Айцец Станіслаў з’яўляўся радыкальна евангелічным святаром і законнікам, а такія людзі або прыцягваюць да сябе, або выклікаюць непрыманне і раздражненне. Законнае начальства раздражняла евангельская пастава айца Станіслава, а, напрыклад, апостальскага нунцыя Антоніа Пігнатэлі – прыцягвала. Менавіта гэтага гнанага святара будучы папа Інакенці ХІІ абраў сваім спаведніком.
Усе перажыванні айца Станіслава былі падрыхтоўкай да заснавання першай законнай кангрэгацыі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай – ордэна айцоў-марыянаў Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэты зварот да Беззаганнага Зачацця – праўды веры, яшчэ не зацверджанай Касцёлам, – стаў праявай вялікага жадання жыць святасцю Бога. Законнае адзенне – белы хабіт – было абранае як ушанаванне чысціні і жыцця ў ласцы Святой Багародзіцы.
Сваім прагненнем быць святым, падабацца Богу айцец Станіслаў стараўся дзяліцца з іншымі людзьмі. Яго святарскае служэнне можна размежаваць на два этапы. Першы этап, у законе піяраў, – гэта час усеагульнага прызнання: шанаваны выкладчык, аўтар папулярнага падручніка па рыторыцы, спавяднік тагачаснай духоўнай і грамадскай эліты, славуты прапаведнік. Другі этап, у законе марыянаў, – гэта служэнне людзям бедным, абяздоленым, абмежаваным. Але менавіта з гэтага перыяду пачынаюцца апісанні розных цудаў – ад спектакулярных аздараўленняў да містычнага захаплення падчас малітвы за памерлых.
Цікава, што цудам для беатыфікацыі стала вяртанне да жыцця дзіцяці ва ўлонні маці. Урачы сцвердзілі, што дзейнасць сэрца плода спынілася і адбыўся “ўнутраны выкідыш”. Сям’я, якой ужо даводзілася перажываць падобныя сітуацыі, малілася навэнну праз заступніцтва айца Станіслава. І вось праз чатыры дні пасля дыягназу ўльтрагукавыя даследаванні паказалі, што сэрца дзіцяці зноў б’ецца. Адразу было прызнана, што гэта здарэнне выходзіць за межы дзеяння прыродных сілаў. Менавіта ён, шчасліва народжаны і здаровы хлопчык, разам з бацькамі падчас беатыфікацыйнай Святой Імшы нёс да алтара рэліквіярый айца Станіслава.
а. Андрэй Сідаровіч, марыянін
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!