15 лютага ў касцёле пачулі Евангелле пра аздараўленне пракажонага. У Браслаўскай парафіі падчас гаміліі можна было пабачыць на ўласныя вочы «пракажонага», паведамляе waladarka.by.
Хлопчык, пераапрануты ў брудную і парваную вопратку ішоў праз касцёл, званіў у званочкі і крычаў: «нячысты!» Наколькі было страшна, балюча і адзінока людзям, якія цярпелі на гэтую страшэнную хваробу, можна было пабачыць на ўласныя вочы. Але Езус не баяўся такога чалавека. Ён дакранаецца і ачышчае пракажонага. Таксама і наш хлопчык быў “ачышчаны”.
Пасля Святой Імшы самыя маленькія парафіяне таксама разважалі, як можам мы забрудзіць сваю душу і як можам яе ачысціць. Дапамагалі ў гэтым розныя прылады, малюнкі і заняткі. Няхай Езус ачышчае кожнага з нас, якія пакутуем на розныя хваробы душы і цела!