У Бешанковічах асвяцілі новы касцёл

Падзея адбылася ў суботу 29 чэрвеня, абрад асвячэння здзейсніў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У гэты дзень Каталіцкі Касцёл адзначае свята Апосталаў Пятра і Паўла, і менавіта ў гонар гэтых святых быў асвечаны новы касцёл.

Ва ўрачыстай падзеі ўзялі удзел святары, сёстры законныя, парафіяне з Бешанковіч, а таксама шмат гасцей з парафій Віцебскай дыяцэзіі.

На пачатку святой Імшы іерарх акрапіў сцены храма, Крыжовую дарогу і алтар святой вадой, а пасля гаміліі намасціў алтар святым алеем. У гэты час пробашч парафіі кс. Аляксандр Півавар намасціў чатыры знакі ў выглядзе крыжоў на сценах храма.

Напрыканцы богаслужэння быў падпісаны дэкрэт аб асвячэнні святыні. Яго падпісалі біскуп Віцебскі, пробашч парафіі, а таксама святары, якія раней працавалі ў Бешанковічах, а ў гэты дзень прысутнічалі на ўрачыстасці.

Такім чынам, 29 чэрвеня ў Віцебскай дыяцэзіі стала больш яшчэ на адну святыню.

Зміцер Лупач, тэкст і фота

Падрабязныя фота- і відэарэпартажы з’явяцца крыху пазней.

для друку для друку