У Беларусі аднавілі кампанію па наданню “Дзядам” статусу выхаднога

Петыцыю з подпісамі накіруюць Прэзідэнту і ў Савет міністраў.

На платформе Zvarot.by апублікавана петыцыя пад назвай “Зрабіць Дзяды непрацоўным днём — даць магчымасць ушанаваць продкаў!”. У звароце гаворыцца аб неабходнасці надаць дню 1 лістапада статус непрацоўнага, або вярнуць выхадны дзень 2 лістапада, калі католікі адзначаюць Дзень памяці памерлых вернікаў, а ўсе беларусы — старадаўняе свята памінання продкаў “Дзяды”.

Нагадаем, 2 лістапада быў непрацоўным днём з самага пачатку незалежнай Беларусі, але ў 1996 годзе быў выкраслены з шэрагу выхадных.

Аўтарам петыцыі стала верніца гомельскай парафіі Нараджэння Божай Маці Алёна Германовіч. Як паведаміла яна Беларускай рэдакцыі Vatican News, летась пад аналагічнай петыцыяй было сабрала звыш 1 тыс. 800 подпісаў. Зварот быў накіраваны ў Адміністрацыю Прэзідэнта і Савет Міністраў Беларусі, але адказ прыйшоў з Апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў за подпісам Алены Радчанкі.

Паводле яе, “права на свабоду веравызнання, замацаванае ў Канстытуцыі, не дае вернікам ніякіх пераваг перад грамадзянамі, якія прытрымліваюцца атэістычных перакананняў — адваротным выпадку гэта парушыць прынцып раўнапраўя грамадзян”. Менавіта таму ў апараце Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў палічылі, што “ў цяперашні час дапаўняць рэлігійныя святы, якія адзначаюцца ў Беларусі у якасці святочных дзён, яшчэ адным, і аб’яўляць яго непрацоўным днем, немэтазгодна”.

Аўтар петыцыі нагадала, што аб Дні памяці памерлых, які адзначаецца 2 лістапада, у адказе нічога не гаворыцца. Але ў звароце звярталі ўвагу менавіта на праблему працоўнага дня на “Дзяды”, які адзначаюць не толькі католікі, але і грамадскасць у цэлым. Таму кампанію вырашана было аднавіць з той нагоды, што 1-2 лістапада зноў набліжаюцца, і патрабаваць адказу на петыцыю менавіта з Савета Міністраў — бо менавіта там вырашаюць пытанні аб наданні пэўным дням статуса выхадных.

Беларусам прапануюць ПАДПІСАЦЬ петыцыю і падтрымаць кампанію незалежна ад прыналежнасці да канфесіі. Калектыўны зварот зноў будзе накіраваны ў Савет Міністраў і Адміністрацыю Прэзідэнта.

Паводле петыцыі, калі Дзяды былі непрацоўным днём, гэта давала магчымасць грамадзянам Беларусі выканаць свой абавязак сумлення і памяці, ушанаваць продкаў, падбаць пра добраўпарадкаванне могілак. Тым часам, у Беларусі, па розных дадзеных, жыве да 1 млн 4 тыс. католікаў, ці каля 15% насельніцтва, а ў Гродненскай вобласці — 60% насельніцтва.

Але абавязак наведаць могілкі цяжка выканаць у сучасных умовах адсутнасці непрацоўнага дню 1 ці 2 лістапада. У звароце гаворыцца аб тым, што праваслаўныя вернікі маюць свой дзень памяці продкаў — Радаўніцу, якая афіцыйна з’яўляецца выхадным, нагадвае сп. Алёна:

“Больш таго, кіраўніцтва дзяржавы для зручнасці грамадзян перад Радаўніцай пераносіць працоўныя дні, каб праваслаўным грамадзянам Беларусі было зручна выканаць свае абавязкі па прыборцы магілаў і ўшанаванню продкаў.

Католікі, як і многія беларусы, што адзначаюць Дзяды 1 і 2 лістапада па старажытнай традыцыі, пазбаўлены такой магчымасці, што мае падставы гаварыць аб дыскрымінацыі.

У мэтах дасягнення сацыяльнай справядлівасці ў грамадстве, захавання добразычлівых адносінаў перад прадстаўнікамі розных канфесій, рэалізацыі канстытуцыйнага права на свабоду сумлення, навядзення парадку на зямлі шляхам добраўпарадкавання могілак, выхавання моладзі ў духу пашаны да продкаў патрабуем зрабіць 1 і 2 лістапада нерабочымі днямі ў Беларусі”.

Адзначым, што летась ініцыятыву вяртання непрацоўнага дня ў лістападзе падтрымала Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі. Яе кіраўнік Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў падпісваць петыцыю, а таксама ад імя Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі адправіў адмысловы ліст Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку. У сваім звароце біскупы прасілі зрабіць выхадным днём 1 лістапада, калі католікі святкуюць Дзень усіх святых, а ўвечары ў тую ж дату пачынаюць адзначаць Дзень памяці памерлых.

www.katolik.life

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі