У Бараўлянах адбыўся тэатралізаваны Крыжовы шлях

11 красавіка ў бараўлянскай парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў адбыўся тэатралізаваны Крыжовы шлях.

Крыжовы шлях (лац.: Via Crucis) — гэта адно з найважнейшых хрысціянскіх набажэнстваў, якое паказвае шлях Езуса Хрыста на Галгофу. Яго карані бяруць свой пачатак у часах ранняга хрысціянства, але сучасная форма сфарміравалася дзякуючы малітоўнай практыцы і гістарычным падзеям.

Ужо ў IV стагоддзі хрысціяне Ерусаліма ўшаноўвалі месцы, звязаныя з пакутамі Хрыста. Святая Алена, маці імператара Канстанціна, загадала пабудаваць базілікі на месцах распяцця і Уваскрэсення.

Першапачаткова Крыжовы шлях меў розную колькасць стацый (ад 7 да 30). Сучасныя 14 станцый усталяваліся ў XIV–XV стагоддзях дзякуючы францішканам, якія апекаваліся Святой Зямлёй.

Тэатралізаваны Крыжовы шлях з’яўляецца вельмі распаўсюджанай формай дадзенай пабожнасці, ён дапамагае вернікам глыбей перажыць падзеі, звязаныя з гісторыяй нашага збаўлення.

Так у бараўлянскай парафіі на перадапошнім тыдні Вялікага посту вернікі і моладзь пад кіраўніцтвам сястры Марцэліны Мігач ISSM падрыхтавалі тэатралізаванае набаженства, якое дэманстравала шлях Езуса і двух злачынцаў на Галгофу. Крыжовы шлях сабраў на малітву вернікаў парафіі, а таксама гасцей з іншых парафіяльных супольнасцей. Гэта падзея дапамагла ўдзельнікам лепш духоўна падрыхтавацца да самага галоўнага хрысціянскага свята.

sdb.by

для друку для друку