Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян з увагай да мігрантаў

18 студзеня 2020 года распачаўся Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян. Ён будзе працягвацца да 25 студзеня і завершыцца малітвай Нешпараў, якую Папа Францішак узначаліць у рымскай базыліцы св. Паўла за Мурамі.

Дэвізам сёлетняга Тыдня малітваў сталі словы з кнігі Дзеяў Апосталаў: “Былі да нас надзвычай ласкавыя” (Дз 28,8). Яны нагадваюць пра гасціннасць, якую апостал Павел і яго спадарожнікі сустрэлі на Мальце, дзе апынуліся ў выніку буры падчас свайго падарожжа ў Рым. Малітоўныя тэксты да экуменічнай ініцыятывы падрыхтавала міжканфесійная група пад кіраўніцтвам мальтыйскага святара кс. Эктара Счэры.

Аўтары разважанняў заўважылі, што сёння многія людзі сутыкаюцца з тымі ж небяспекамі, з якімі сутыкнуўся Апостал Народаў падчас падарожжа праз Міжземнае мора. Яны ратуюцца ад вайны, беднасці і прыродных катаклізмаў. Іх жыццё знаходзіцца ў руках неабдымных сіл – не толькі прыродных, але таксама палітычных, эканамічных, чалавечых.

Адзначаецца, што раўнадушша мае мноства абліччаў: тых, хто прадае мігрантам месца на ненадзейным судне; хто вырашае не пасылаць за імі ратаўнікоў; хто закрывае перад імі порты. Новазапаветнае апавяданне звяртаецца да ўсіх хрысціян з заклікам адказаць на выклікі, звязаныя з міграцыяй, і зрабіць выбар: стаць на бок абыякавасці, злучаючыся з прыроднай стыхіяй, або выбраць чалавечнасць і стаць сведкамі любячага клопату Бога аб кожным чалавеку.

Падкрэсліваецца, што “цнота гасціннасці ў найвышэйшай ступені неабходна для пошуку адзінства паміж хрысціянамі”. Яна падштурхоўвае станавіцца больш шчодрымі да патрабуючых, па прыкладзе тых людзей, што аказалі гасціннасць апосталу Паўлу і яго спадарожнікам. Жыхары Мальты тады не ведалі Хрыста, але былі “надзвычай ласкавымі”. “Наша хрысціянская еднасць будзе аб’яўляцца не толькі праз гасціннасць адно да аднаго, хоць гэта і важна, але і праз поўную любасці сустрэчу з тымі, хто не раздзяляе нашай мовы, нашай культуры, нашай веры”, — падкрэслілі аўтары сёлетніх разважанняў да Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі