Тыдзень навукі ў Школе касцельнага спеву прайшоў у Браславе

szkola_spevu1415—20 жніўня 2016 года ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе праходзіла Школа касцельнага спеву.

Вось і скончыўся тыдзень заняткаў у Школе касцельнага спеву, кульмінацыяй якога стала ўрачыстая святая Імша ў гонар Маці Божай Валадаркі азёраў на палявым алтары. Удзельнікі інструментальнага ансамбля, настаўнікі і выкладчыкі з Полацка, Наваполацка, Друі – забяспечвалі музычнае суправаджэнне касцельнага хора.

Акрамя праграмных мерапрыемстваў, што ўключалі заняткі і рэпетыцыі хора з інструментальным ансамблем, “вучні” Школы 16 жніўня прынялі ўдзел у святкаванні 180-годдзя касцёла ў Барадзінічах, наведалі мясцовыя славутасці. 17 жніўня пачалася ХІ Дыяцэзіяльная сустрэча моладзі, якая таксама садзейнічала ўзмацненню святочнасці і насычанасці «колераў успрыняцця» вачыма і слыхам. Не будзе залішнім абагульненнем сказаць, што ўсе госці – не толькі дзеці, падлеткі, юнакі і дзяўчаты, але і дарослыя – знаходзіліся ў радасным, узнёслым стане пад уздзеяннем браслаўскага святочнага асяроддзя.

Удзельнікі Школы слухалі лекцыі па гісторыі музыкі кандыдата мастацтвазнаўства, дацэнта Беларускай акадэміі музыкі, арганіста Мінскага архікатэдральнага касцёла і старшыні Секцыі касцельнай музыкі Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамантаў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Уладзіміра Неўдаха. Задача для Уладзіміра Васільевіча была не з лёгкіх: аўдыторыя была розная па ўзросце і падрыхтоўцы (з музычнай адукацыяй і без яе), але ўсе прысутныя слухалі з цікаўнасцю. Спадар Уладзімір праводзіў і заняткі па пастаноўцы голасу для харыстаў і кантараў. Акрамя яго ў Школе касцельнага спеву выкладалі таксама Вольга Янум (кіраўнік хора «Sаlutaris» і выкладчык Беларускай акадэміі музыкі) і Таццяна Брытко (кіраўнік дзіцячага ўзорнага хора «Вішанька» СШ №115 г. Мінска).

szkola_spevu13

Пасля галоўнай святой Імшы на палявым алтары інструментальны ансамбль у складзе Вікторыі Бабенка (скрыпка), Таццяны Марынёнак (альт), а таксама Ілоны Манько (віяланчэль), Ірыны Шульжэнка-Суханавай (флейта), Наталлі Захаравай (фартэпіяна) даў канцэрт з вядомых твораў Баха, Моцарта, Шуберта і некаторых іншых кампазітараў. У канцэрце прыняла ўдзел Аляксандра Манько, вучаніца дзіцячай школы мастацтваў №1 г. Наваполацка. Дзяўчынка выканала на блокфлейце «Канцону» Дж.Б.Пергалезі.

szkola_spevu15

Падчас Школы адбылося знаёмства з Валянцінай Казакевіч, настаўніцай па класу скрыпкі з Друі, вядомым і цікавым чалавекам на Браслаўшчыне, якая ведае музычнае суправаджэнне каталіцкіх абрадаў. Яе прысутнасць на рэпетыцыях надавала аптымізму ўсяму працэсу падрыхтоўкі інструментальнай групы да ўрачыстай святой Імшы 20 жніўня.

Па матэрыялах waladarka.by
Ірына Гайдамовіч, фота

для друку для друку