Дыяцэзіяльная сустрэча моладзі прайшла ў Браславе

braslau_moladz17З 17 па 19 жніўня ў Браславе праходзілі Дыяцэзіяльныя дні моладзі. Сустрэча гэта была прысвечана асаблівым адносінам маладых людзей да Бога і да бліжняга чалавека. Дэвіз сёлетняга спаткання — “Любіць Бога і бліжняга”.

Усё распачалося ўрачыстай Літургіяй, якую цэлебраваў біскуп Алег Буткевіч. Пасля заканчэння Службы распачаліся катэхезы і асноўная праграма. Адказныя за сустрэчу моладзі айцы-марыяне Аляксандар Жарнасек і Андрэй Сідаровіч, вельмі адказна падышлі да абвяшчэння Божага слова скіраванага да моладзі роднай дыяцэзіі. Сёлета ў Браслаў сабралося больш за 100 удзельнікаў з розных рэгіёнаў Віцебшчыны. Была тут моладзь з Варапаева, Глыбокага, Полацка, Дзеркаўшчыны, Мёраў, Віцебска і, канешне, з самого Браслава. Маладыя людзі сабраліся разам у гэтым цудоўным азёрным горадзе, каб вучыцца любіць Бога і бліжняга.

Праз слуханне катэхез, разважанне Божага слова, удзел у малітвах праслаўлення і Святой Літургіі ў маладых прадстаўнікоў Віцебскай дыяцэзіі была добрая магчымасць паглыбіць свае асабістыя адносіны з Богам, а таксама навучыцца заўважаць каля сябе бліжняга, які патрабуе любові і ўвагі. Асаблівай духоўнай падзеяй сустрэчы стала пакутнае набажэнства, падчас якога ў моладзі была магчымасць прыступіць да сакраманту споведзі і паразважаць над Божым словам. Моладзь сапраўды глыбока перажыла гэты вечар.

braslau_moladz19

Не засталіся маладыя людзі і без інтэграцыйных мерапрыемстваў. У першы вечар адбылася дыскатэка, на якой можна было праявіць свае танцавальныя здольнасці. На наступны дзень аматараў спорту чакаў футбольны матч, першае месца ў якім заняла каманда з Варапаева.

braslau_moladz26

braslau_moladz10

Падчас сустрэчы ў групах моладзь змагла падзяліцца досведам сваёй веры адзін з адным. Апошнім пунктам праграмы стала сустрэча з прадстаўнікамі аб’яднання “Pro life”, якое выступае ў абарону жыцця. Айцец-дамініканін Віталь Сапега разам з удзельнікі гэтага руху правялі тэматычную размову пра захаванне чысціні да шлюбу. Дыяцэзіяльныя дні моладзі скончыліся супольнай малітвай.

Маладыя людзі працягнулі сваё духоўнае развіццё ўдзелам у праграме фэсту ў гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў.

Настасся Харкевіч, waladarka.by
Ірына Гайдамовіч, фота

для друку для друку