У Браславе адбыўся фэст у гонар Маці Божай Валадаркі азёраў (+відэа)

braslau_waladarka03Сёлетнія ўрачыстасці прайшлі 19 – 20 жніўня.

На свяце прысутнічалі не толькі вернікі Віцебскай дыяцэзіі, алеі з іншых гарадоў і вёсак нашай краіны. Былі нават госці з-за мяжы.

У гэтым годзе ў Браслаў прыйшлі тры пешыя пілігрымкі: з Глыбокага, Мёраў і Пагошчы. Самы доўгі шлях прайшлі пілігрымы з Глыбокага, якія былі ў дарозе тры дні.

Бо жніво багатае, а работнікаў сапраўды мала

Урачыстасці распачаліся ў пятніцу вечарам з Імшы для пілігрымаў. Напачатку пілігрымаў прывітаў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Ён сустрэў іх перад уваходам у санктуарый і акрапіў святой вадой. Пілігрымы, зайшоўшы ў храм, ляглі крыжам перад абразом Маці Божай Браслаўскай.

Святую Імшу для пілігрымаў узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Таксама ўдзел у богаслужэнні прынялі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, беларускія і замежныя святары. Падчас гэтай Імшы быў удзелены сакрамант канфірмацыі для вернікаў, што былі належным чынам да гэтага падрыхтаваныя.

Гэты сакрамант прынялі каля сотні вернікаў, удзялялі яго біскупы Аляксандр Яшэўскі SDB і Юрый Касабуцкі. Звяртаючыся да маладых людзей пасля ўдзялення гэтага сакраманту, біскуп Аляксандр заклікаў іх умець слухаць голас Пана, не баяцца ісці за ім. “Бо жніво багатае, а работнікаў сапраўды мала”, – узгадаў іерарх словы Хрыста, заклікаючы маладых людзей прысвяціць сябе манаскаму або святарскаму жыццю.

Не баяцца сказаць Богу “Так”

Прыгожым момантам урачыстасці стала начная працэсія святароў і вернікаў па вуліцах Браслава. Людзі ішлі з запаленымі свечкамі і маліліся да Божай Маці.

Пасля працэсіі адбылася святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У сваім слове да вернікаў іерарх паразважаў над тым, што мы лічым праўдай, а таксама параўнаў жыццёвы шлях дзвюх жанчын: Евы і Марыі. Яны абедзве мелі свабоду выбару. І калі Ева захацела быць вольнай, не слухаючы голас Бога, то Марыя адказала “Так” на Божы прызыў.

І гэтае “Так” можа быць прыкладам для ўсіх нас, каб мы не баяліся станоўча адказаць на Божы заклік.

Браслаўшчына – месца асаблівай Божай ласкі

У суботу 20 жніўня святкаванне пачалося з ранішняй Імшы ў браслаўскім санктуарыі, якая распачалася а восьмай гадзіне. Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Ён звярнуў увагу на тое, што Браслаўшчына – гэта асаблівае месца, дзе заўсёды гучала Божае слова. Гэта месца асаблівай Божай ласкі. Яно адметнае не толькі прыгожымі краявідамі, але мае своеасаблівы дух. Гэта дух малітвы, які вякамі прысутнічаў на гэтай зямлі.

braslau_waladarka16

Біскуп узгадаў святарскае служэнне ксяндза Чэслава Вільчынскага, які служыў у браслаўскай святыні ў 1967- 1986 гадах. Гэта былі гады, калі пераследвалася вера, і заслуга святара ў тым, што ён не даў згаснуць гэтай веры ў душах вернікаў.

І хаця сёлета споўнілася ўжо трыццаць гадоў пасля смерці ксяндза Чэслава, плён яго працы адчуваецца і зараз.

Іерарх успомніў таксама служэнне ксяндза сальватарыяніна Чэслава Пракурата, які служыў у Браславе ў 90-х гадах. Яго служэнне таксама паспрыяла шматлікім пакліканням з браслаўскай зямлі. Але біскуп Алег папярэдзіў браславян, каб яны на гэтым не супакойваліся. Бо зараз у Беларусі, дарэчы, як і ў іншых еўрапейскіх краінах, назіраецца крызіс пакліканняў.

Бог у жыцці чалавека адступае на другі план, уступаючы месца матэрыяльнаму дабрабыту. А жыць толькі матэрыяльнымі каштоўнасцямі нельга, бо чалавек найперш асоба духоўная.

Перамагчы залежнасць

Пасля заканчэння Імшы перад вернікамі выступілі прадстаўнікі рэабілітацыйнага цэнтра “Светач” Таццяна і Уладзімір Шчэпіны. Гэты цэнтр знаходзіцца пры каталіцкай парафіі ў Бягомлі. Яны распавялі пра алкагольную залежнасць, якая зараз масава распаўсюдзілася ў нашым грамадстве. Яны расказалі пра яе прычыны, пра тое, як з гэтым жыць, не ўжываючы алкаголь або наркотыкі.

На іх лёс таксама паўплываў алкаголь, але яны знайшлі ў сябе сілы перамагчы гэту залежнасць. “У свой час людзі нам дапамаглі перамагчы гэту хваробу, таму зараз мы лічым сваім доўгам дапамагчы іншым людзям,” – кажа Таццяна. Зараз яна працуе псіхолагам у гэтым цэнтры.

Уладзімір, які з’яўляецца кіраўніком гэтага цэнтру, пазнаёміў з яго працай і ўмовамі пражывання. Цэнтр ужо адкрыўся і дзейнічае.

braslau_waladarka18

Напрыканцы Таццяна і Уладзімір раздалі буклеты з інфармацыяй пра сваю ўстанову. Спадзяёмся, гэта інфармацыя некаму спатрэбіцца.

“Імя Бога – міласэрнасць”

Перад галоўнай Імшой адбылася прэзентацыя кнігі Папы Францішка “Імя Бога – міласэрнасць”, якая выйшла ў выдавецтве “Pro Christo” на беларускай мове. У кнізе змешчаныя размовы Папы з ватыканістам Андрэа Тарніелі. У гэтых размовах Пантыфік успамінае сваю маладосць, сваё пастырскае служэнне. З гэтых гутарак вынікае, чаму Папа прыняў рашэнне абвясціць гэты год Надзвычайным Святым Годам Міласэрнасці.

Кнігу прадставіў пробашч глыбоцкай парафіі ксёндз Мікалай Ціхановіч, бо менавіта ён быў касцельным кансультантам пры яе перакладзе на беларускую мову. А пераклад зрабіў супрацоўнік беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Аляксандр Панчанка.

Дарэчы, гэтую кнігу можна было набыць на браслаўскім фэсце па адносна невысокаму кошту.

Ёй давяраем нашы праблемы і клопаты

Галоўная Імша браслаўскіх урачыстасцей адбылася на палявым алтары а адзінаццатай гадзіне. У ёй удзельнічалі шмат вернікаў і святароў. Акрамя біскупа Віцебскай дыяцэзіі на ёй прысутнічалі біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп гэтай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.

Прысутнічалі на богаслужэнні прадстаўнікі мясцовай улады як раённага, так і абласнога ўзроўню.

Святую Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. У сваім слове да вернікаў іерарх звярнуў увагу на значэнне культу Божай Маці ў Каталіцкім Касцёле.

“Маці займае асаблівае месца ў жыцці кожнага чалавека, і няма больш моцнай любові за мацярынскую любоў, – падкрэсліў біскуп Аляксандр. — Кожнае марыйнае свята, таксама і сённяшняе, – гэта напамін для нас, што ў асобе Найсвяцейшай Панны Марыі мы маем сваю нябесную Маці. Да гэтай Маці мы прыходзім, да Яе гарнемся, Ёй давяраем нашы праблемы і клопаты”.

Прыгожым спевам аздобіў урачыстасць хор пад кіраўніцтвам Уладзіміра Неўдаха, які з’яўляецца кіраўніком Секцыі касцёльнай музыкі Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамантаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

braslau_waladarka19

Напрыканцы Імшы біскуп Алег Буткевіч падзякаваў біскупу Аляксандру Кашкевічу, усім святарам і біскупам, мясцовым уладам, вернікам за ўдзел у гэтай святой Імшы. Таксама словы падзякі былі скіраваныя да ўсіх тых, хто спрычыніўся да падрыхтоўкі гэтай урачыстасці. Асаблівая падзяка была скіраваная да Пана Бога за добрае надвор’е, якое суправаджала браслаўскія ўрачыстасці.

Біскуп таксама запрасіў усіх на свята Маці Божай Валадаркі азёраў у будучым годзе, якое адбудзецца 18–19 жніўня.

Зміцер Лупач, тэкст
Ірына Апяцёнак, фота
Зміцер Лупач, Леанід Юрык, відэа

для друку для друку