Турнір па міні-футболе сярод каталіцкіх парафій прайшоў ў Слоніме

У канцы жніўня ў Слоніме адбыўся ХІХ турнір па міні-футболе памяці святога Яна Паўла II сярод беларускіх каталіцкіх парафій.

У турніры ўдзельнічала 18 каманд: 8 – у малодшай катэгорыі (вучні 8-11 класаў сярэдняй школы), 10 – у старэйшай катэгорыі (ад 17 гадоў).

Турнір пачаўся Эўхарыстыяй у слонімскім касцёле святога апостала Андрэя, якую ўзначаліў адказны па справах спорту ў Гродзенскай дыяцэзіі кс. Артур Малафей. Пробашч слонімскай парафіі а. Юрый Катовіч OFM Cap у гаміліі звярнуў увагу на тое, што падчас гэтых спаборніцтваў “на першым месцы – сустрэча з бліжнім”, што гэта “гульня з правіламі фэйр-плэй”, што турнір “яднае перш за ўсё тых, хто верыць у Хрыста”, “на першае месца выходзяць не тэхнічныя здольнасці гульца, а яго любоў да Бога і бліжняга”.

Пасля Імшы каманды накіраваліся на стадыён, дзе пачалі высвятляць, хто з іх мацнейшы на футбольным полі.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся галоўны спонсар турніру Баляслаў Івашка (ТАА “Виботорг” у Гродне).

Каманды былі падзелены на групы.

Удзельнікам дадаў фізічных сіл смачны абед, пасля якога адбыліся матчы за выніковыя месцы. Усе матчы праходзілі ў бескапраміснай барацьбе. Іх разглядалі прафесійныя суддзі па футболе.

У малодшай катэгорыі першае месца заняла каманда парафіі Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах, у старэйшай – каманда парафій святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі і святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах.

Выніковыя месцы ў малодшай катэгорыі:

  • парафія Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах;
  • парафія святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Воранаве;
  • парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Германішках;
  • парафія Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец);
  • парафія св. Піо ў Гродне;
  • парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (Паўднёвы);
  • парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах;
  • парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка).

Выніковыя месцы ў старэйшай катэгорыі:

  • парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі і святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах;
  • парафія Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці ў Гродне (Аўгустовак);
  • парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка);
  • парафіі ў Навагрудку, Наваельні, Дзятлаве і Мінску;
  • парафія св. Піо ў Гродне;
  • парафія Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец);
  • парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Сапоцкіне;
  • парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Германішках;
  • парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах;
  • парафіі Маці Божай Фацімскай і святога Зыгмунда ў Баранавічах.

На заканчэнне турніру ўсе ўдзельнікі атрымалі ад спонсара падарункі – парфумерныя наборы, а лепшыя гульцы, вызначаныя ў кожнай камандзе, – спецыяльныя ўзнагароды – заплечнікі.

Тэрэса Раманчук, grodnensis.by
Фота: Яўген Малафей

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі