Ці павінны мы захоўваць пост у пятніцу актавы Вялікадня?

Ад Нядзелі Уваскрасення Пана да Нядзелі Міласэрнасці мы перажываем восем урачыстых дзён запар. Гэта значыць, што на працягу дадзенага часу нас не абавязвае ўстрыманне ад спажывання мясных страў.

У справе пятнічнага посту дзейнічае агульны прынцып, што ўрачыстасць адмяняе пост. Пра гэта гаворыць Кодэкс Кананічнага Права (1251): «Устрыманне ад спажывання мяса ці іншых страў, згодна з рашэннем Канферэнцыі Біскупаў, належыць захоўваць ва ўсе пятніцы ўсяго года, за выключэннем, калі ў гэты дзень прыпадае якаясьці ўрачыстасць. У сваю чаргу ўстрыманне і пост абавязковыя ў Папяльцовую сераду і ў пятніцу Мукі і Смерці Пана нашага Езуса Хрыста».

Падчас актавы Вялікадня перыяд васьмі дзён успрымаецца як адзін дзень, адна ўрачыстасць. У гэты час мы не адзначаем ніякіх іншых святаў ці успамінаў, як гэта адбываецца падчас актавы Божага Нараджэння.

Літургічныя і біблійныя тэксты велікоднай актавы непасрэдна звязаны з уваскрасеннем Хрыста і наступствамі Яго змёртвыхпаўстання для ўсяго чалавецтва. 

У тэкстах гэтага перыяду мы знаходзім таксама відавочныя спасылкі на сакрамант хросту і тое, што прыходзіцца на долю кожнага ахрышчанага.

Такім чынам, 21 красавіка, у бліжэйшую пятніцу, якая прыпадае на актаву Вялікадня, пост не абавязвае. 

grodnensis.by

для друку для друку